Кувалды апошнім часам сталі папулярным атрыбутам у афіцыёзных імпрэзах. Аляксандр Лукашэнка падараваў кувалду Рыгору Азаронку, камандзір атрада ПВК «Вагнэр» падараваў кувалду школьнаму музэю пры гімназіі ў Рэчыцы. Адна ёсьць сярод экспанатаў у Палацы Незалежнасьці.
Кувалда асацыюецца з ваеннымі злачынствамі расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр», дзе зь яе дапамогай забіваюць людзей.
А пераможцай «Міс Беларусь-2023» стала 23-гадовая Элеанора Качалоўская з Нацыянальнай школы прыгажосьці.
- У сумесным расьсьледаваньні расейскага выданьня «Проект» і тэлеканалу «Белсат» гаворыцца, што былыя ўдзельніцы конкурсаў прыгажосьці часта робяцца супрацоўніцамі службы пратаколу прэзыдэнта. Гэта дзяўчаты, якія суправаджаюць Аляксандра Лукашэнку на публічных мерапрыемствах.
- Напрыклад, летам 2019 году Лукашэнка ў кампаніі эталённых прыгажунь зьбіраў ураджай кавуноў у сябе на дачы. Сярод ягоных спадарожніц журналісты заўважылі пераможцу студэнцкага конкурсу «Каралева Вясна — 2013» Дарʼю Шманай. З 2014 году яна рэгулярна зьяўлялася побач з Аляксандрам Лукашэнкам.
- Яшчэ адна былая «міс» з атачэньня Лукашэнкі — Марыя Васілевіч. У 2018 годзе яна выйграла нацыянальны конкурс прыгажосьці; Лукашэнка прысутнічаў на прысуджэньні тытулу. З тых часоў дзяўчыну часта бачылі ў яго кампаніі. Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, ён асабіста рыхтаваў дзяўчыну да ўдзелу ў конкурсе «Міс сьвету» — там яна заваявала тытул міс Эўропы.
- У 2019 годзе Васілевіч таксама стала самым маладым дэпутатам парлямэнту Беларусі, ня маючы ніякага палітычнага вопыту. Брытанскае выданьне The Times тады напісала, што, верагодна, у 22-гадовай Марыі Васілевіч ёсьць рамантычная сувязь з Лукашэнкам. Дзяўчына ў адказ заявіла, што гэта хлусьлівыя факты.
- А вось Міс «Беларусь-2008» і былая прэс-сакратарка футбольнага клюбу «Дынама» (Берасьце) Вольга Хіжынкова, якая выказвалася за дэмакратычныя зьмены ў краіне, пасьля пратэстаў 2020 году была кінутая за краты, дзе правяла агулам 42 сутак.