Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску са спазьненьнем вызначылі месцы для агітацыі, 140 заляў і 80 пляцовак


 Менгарвыканкам. Архіўнае фота
Менгарвыканкам. Архіўнае фота

Згодна з каляндарным плянам Цэнтрвыбаркаму, не пазьней за 12 студзеня па ўсёй Беларусі мусілі вызначыць месцы для перадвыбарнай агітацыі. Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт спазьніўся з гэтым на шэсьць дзён.

Як паведамляе «Вясна», на сайце Менскага гарвыканкаму ў адпаведным разьдзеле да гэтага часу не апублікавалі гэтага рашэньня, інфармацыя зьявілася ў дзяржаўных СМІ.

Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» адзначае, што калі на парлямэнцкіх выбарах у 2018 годзе перадвыбарную агітацыю ў Менску маглі праводзіць у «любых прыдатных для гэтага месцах» за невялікімі выключэньнямі, то цяпер гэта строга вызначаны сьпіс.

БелТА паведамляе, што Менгарвыканкам 18 студзеня 2024 года вызначыў у Менску 140 памяшканьняў для правядзеньня сустрэч кандыдатаў у дэпутаты з выбарнікамі, іх давераных асоб, а таксама для перадвыбарных сходаў, якія арганізуюцца выбарнікамі.

Акрамя таго, прадугледжана 80 месцаў для правядзеньня кандыдатамі ў дэпутаты, іх даверанымі асобамі масавых сходаў для перадвыбарнай агітацыі (сходаў па-за памяшканьнямі, мітынгаў, пікетаваньня). Выбарчыя масавыя мерапрыемствы адбываюцца ў паведамляльным парадку.

Для разьмяшчэньня агітацыйных друкаваных матэрыялаў прызначана 279 месцаў, дзе зьявяцца інфармацыйныя стэнды з інфармацыяй пра кандыдатаў.

22 студзеня начальніца Галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай работы і ў справах моладзі Менскага гарвыканкама Вольга Чамаданава расказвала, што ў інфармацыйнай выбарчай кампаніі ў тым ліку возьмуць удзел артысты. З 31 студзеня па 24 лютага заплянаваны 54 такія творчыя сустрэчы.

«Работа па разьмяшчэньні актуальнай інфармацыі аб кандыдатах у дэпутаты будзе таксама мець месца і на прадпрыемствах, і ў арганізацыях, і ва ўстановах адукацыі Менску. Прыярытэтным кірункам застаюцца офлайн-сустрэчы», – дадала яна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG