Лінкі ўнівэрсальнага доступу

NATO пачынае самыя буйныя вучэньні ў Эўропе з канца халоднай вайны


Сьцяг NATO
Сьцяг NATO

У вучэньнях Steadfast Defender, якія працягнуцца да канца траўня, задзейнічаюць каля 90 тысяч чалавек. Апошнія такія вучэньні NATO праводзіла ў 1988 годзе.

Паўночнаатлянтычны альянс пачынае 22 студзеня найбуйнейшыя за апошнія дзесяцігодзьдзі чатырохмесячныя вучэньні Steadfast Defender 2024 («Устойлівы абаронца»), якія сымулююць канфлікт з «практычна роўным праціўнікам», паведамляе Deutsche Welle.

У вучэньнях будзе задзейнічана каля 90 тысяч чалавек. У іх возьмуць удзел усе краіны NATO і кандыдат на ўступленьне ў альянс Швэцыя.

Манэўры, якія працягнуцца да канца траўня, ахопяць эўрапейскую тэрыторыю ад Нарвэгіі да Румыніі. Сцэнар манэўраў Steadfast Defender — напад Расеі на тэрыторыю саюзьнікаў, які прыводзіць у дзеяньне артыкул 5 дамовы NATO аб калектыўнай абароне.

Да гэтага часу самымі буйнымі манэўрамі апошніх дзесяцігодзьдзяў лічыліся Trident Juncture («Адзіны трызуб»), у якіх у 2018 годзе ўзялі ўдзел больш за 50 тысяч вайскоўцаў.

Апошнія параўнальныя маштабам вучэньні NATO правяло ў 1988 годзе, задзейнічаўшы тады ў іх больш за 125 тысяч салдатаў.

Маштабныя вучэньні — дэманстрацыя новай гатоўнасьці NATO

У Steadfast Defender 2024 таксама возьмуць удзел больш за 50 караблёў, ад авіяносцаў да эсьмінцаў, а таксама больш за 80 зьнішчальнікаў, верталётаў і бесьпілётнікаў і ня менш за 1,1 тыс. баявых машын, уключаючы 133 танк іі 533 баявыя машыны пяхоты.

Як заявіў галоўнакамандуючы Аб’яднанымі ўзброенымі сіламі альянсу ў Эўропе Крыстафэр Каволі, вучэньні пакажуць, што NATO можа праводзіць і падтрымліваць складаныя апэрацыі на сушы, моры, у паветры, кібэрпрасторы і космасе «на працягу некалькіх месяцаў, на працягу тысяч кілямэтраў, ад Крайняй Поўначы да Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы і ў любых умовах».

Са слоў кіраўніка вайсковага камітэта NATO Роба Баўэра, такі маштаб вучэньняў — гэта дэманстрацыя новай гатоўнасьці альянсу.

«Гэта рэкордная колькасьць войскаў, якую мы можам задзейнічаць і правесьці вучэньні ў такіх маштабах, па ўсім альянсе, праз акіян, ад ЗША да Эўропы», — сказаў ён.

Акрамя таго, кіраўнік вайсковага камітэта падкрэсьліў, што вайна — справа ня толькі вайскоўцаў:

«Калі справа даходзіць да вайны, як мы бачым ва Ўкраіне, гэта закранае ўсё грамадзтва».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG