Каля капліцы на могілках Росы на цырымонію вынесьлі нацыянальныя сьцягі краін, чые народы бралі актыўны ўдзел у паўстаньні супраць расейскага панаваньня ў 1863 году — Беларусі, Літвы, Украіны і Польшчы.
У мітынгу прынялі ўдзел прэзыдэнты Літвы Гітанас Наўседа і Польшчы Анджэй Дуда, Украіну прадставіў амбасадар краіны ў Вільні Пятро Бешта, а Беларусь прадстаўляла дэмакратычная лідэрка, экс-кандыдатка на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году Сьвятлана Ціханоўская.
У сваім выступе на цырымоніі ў Росах Сьвятлана Ціханоўская адзначыла:
«Нашыя продкі адмовіліся жыць пад прыгнётам акупантаў. Яны выбралі годнасьць замест пакоры. Свабоду замест рабства. Цывілізаваную Эўропу замест барбарскай імпэрыі. І хоць паўстаньне ня скончылася перамогай, яно засьведчыла палітычнае нараджэньне беларускай нацыі. А Кастусь Каліноўскі, які кіраваў паўстаньнем на нашых землях, — стаў сымбалем нашай супольнай барацьбы за свабоду.
Сёньня чатыры народы — Польшчы, Літвы, Беларусі і Ўкраіны — яднаюць месцы яго нараджэньня, ягонага змаганьня і пакутніцкай сьмерці. Яднае памяць пра яго ў імені палка, які бароніць сёньня Ўкраіну».
Украінскі абмасадар Пятро Бешта ў сваім звароце да гасьцей цырымоніі адзначыў, што «нашы нацыі ведаюць сваю гісторыю вельмі добра. Свабода і незалежнасьць ня могуць быць узятыя задарма і павінны абараняцца і ахоўвацца штодня».
Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў:
«22 студзеня 1863 году падпольшчыкі-незалежнікі сказалі „не“ жорсткім рэпрэсіям царскіх уладаў і масаваму прызыву ў войска акупантаў — доўгіх гадоў прымусовага, зьнясільвальнага абслугоўваньня расейскага імпэрыялізму».
Таксама Дуда ўспомніў цяперашняе паўнамаштабнае ўварваньне расейцаў ва Ўкраіну і тое, што змаганьне з «русским миром» ня скончылася. Ён адзначыў, што Ўкраіна цярпіць ад вайны, а ў Беларусі пануе прамаскоўскі рэжым. Дуда выказаў салідарнасьць з ваярамі, якія змагаюцца за Ўкраіну і зь беларускай дэміакратычнай супольнасьцю, якая таксама марыць вызваліць Беларусь ад велізарнага расейскага ўплыву.
Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа выказаў радасьць з той нагоды, што Сейм краіны некалькі месяцаў таму прагаласаваў за наданьне 22 студзеня статусу «Дня памяці» паўстанцаў.
«Мы мусім зноў стаць прыкладам для Эўропы і цэламу свабоднаму сьвету, як Джузэпэ Гарыбальдзі прыгадаў у сваім лісьце да Зыгмунта Серакоўскага: „Ваша пільнасьць, ваш запал і ваш гераізм вучаць нас цяпер змаганьню з дэспатыяй!“»