Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці сапраўды рэжым цэніць «традыцыйную сям’ю»


У Беларусі прымаюць новую канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі, і туды, вядома ж, уключаюць ідэю пра так званую традыцыйную сям’ю. Разумеюць пад гэтымі словамі саюз паміж мужчынам і жанчынай, якія такімі нарадзіліся. Я ня буду заглыбляцца ў разважаньні пра розныя віды сем’яў у розных традыцыях. Паглядзім на сытуацыю праз прызму беларускіх чыноўнікаў, якія прапагандуюць манагамны гетэрасэксуальны шлюб.

Так, пакуль больш разьвітыя краіны робяць інстытут сям’і інклюзіўным і клапоцяцца пра тое, каб ён абараняў як мага больш людзей, у Беларусі назло маці адмарожваюць вушы і робяць фармулёўкі яшчэ больш кансэрватыўнымі. Але я хачу сфакусавацца на тым, што кансэрватыўнасьць сама па сабе для рэжыму ня значыць нічога. Яна для яго каштоўная толькі ў зьвязцы зь ляяльнасьцю. І ляяльнасьць у гэтым злучэньні грае галоўную ролю, а кансэрватызм там проста на падпеўках.

Найлепш гэта адлюстроўваюць два напрамкі рэпрэсій — супраць шматдзетных сем’яў і супраць рэлігійных інстытутаў. Здавалася б, ну дзе так званым традыцыйным каштоўнасьцям вучаць лепш, чым у царкве, і хто іх лепш увасабляе для дзяржавы, чым шматдзетныя сем’і? Аказваецца, ня ўсё так адназначна!

Шматдзетныя мамы і таты адбываюць тэрміны па палітычна матываваных крымінальных справах, бо аказаліся неляяльнымі Лукашэнку. І ніякі кансэрватызм таго ж Зьмітра Дашкевіча яго не ўратаваў і нават не палепшыў умоваў яго ўтрыманьня. Бо пляваць гэтаму рэжыму на дзяцей, «традыцыйныя каштоўнасьці» і тых жанчын, што цалкам прысьвяцілі сябе сям’і і фінансава залежаць ад сваіх мужоў. Само па сабе гэта для рэжыму неістотна. Ён жа робіць стаўку на кансэрватызм, бо спадзяецца, што людзі, якія вераць у патрыярхальную сям’ю, вераць таксама і ў патрыярхальную дзяржаву. А калі раптам аказваецца, што максымальна традыцыйная сям’я не прымае жорсткасьць Лукашэнкі, яна губляе ўсе прывілеі. Штосьці, як той казаў, пайшло ня так...

А яшчэ Беларусь займае другое месца ў сьвеце па колькасьці арыштаў каталіцкіх сьвятароў і манахаў. І гэта таксама зьвязана з тым, што яны пасьмелі не падтрымліваць дыктатуру. На канец 2022 году ў зьняволеньні заставаліся трое ксяндзоў, і як мінімум для аднаго зь іх не прымалі цёплыя рэчы і, відаць, катавалі холадам.

Западозрыць ксяндзоў і манахаў у тым, што яны недастаткова прасоўвалі ідэю моцнай хрысьціянскай разнаполай сям’і, ніяк не выпадае. І я ня памятаю, здаецца, аніводнай імшы ў сваім жыцьці, дзе б беларускі ксёндз не маліўся супраць абортаў. Але для рэжыму гэта мела хоць нейкае значэньне толькі ў «мірныя» часы.

Усё, што цікавіць рэжым Лукашэнкі, — гэта ляяльнасьць, і калі яе няма, дык аніякая традыцыйнасьць не ўратуе і ня будзе ў сьпісе зьмякчальных абставінаў.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG