Арбітражны суд Кемераўскай вобласьці Расеі арыштаваў 964,3 тыс. беларускіх рублёў (каля 27 млн расейскіх рублёў), «якія знаходзяцца або паступаюць» ад Міністэрства фінансаў Беларусі на рахунак у «Беларусбанку» ў якасьці выплат па эўрааблігацыях, паведамляе РБК.
Гэта «забясьпячальная мера» па пазове расейскага прыватнага інвэстара Ігара Пракудзіна да кампаніі Citibank N.A. London Branch, якая раней выступала агентам па беларускіх эўрабондах, і «Беларусбанка» аб спагнаньні належных яму выплат па эўрабондах і працэнтнага даходу. Паводле інфармацыі РБК, пазоўнік патрабуе ад беларускага банку перавесьці сродкі непасрэдна на яго рахунак.
З 28 чэрвеня 2022 году Менск пагашае даўгі па дзяржаўных каштоўных паперах, разьмешчаных на зьнешніх фінансавых рынках, беларускімі рублямі. Плацяжы пералічваюцца на спэцрахунак у «Беларусбанку», зь якога плацежнаму агенту прапанавана самастойна забіраць сродкі і разьлічвацца з інвэстарамі. У такіх умовах кампаніі Citigroup і Citibank адмовіліся выступаць агентамі ў дачыненьні беларускіх эўрабондаў.
Неўзабаве пасьля гэтага міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы Fitch Ratings і Moody’s панізілі крэдытны рэйтынг Беларусі: першае заявіла, што дэфолт у краіне непазьбежны, другое назвала сытуацыю дэфолтам. Мінфін Беларусі раскрытыкаваў гэтыя рашэньні, але выплаты па валютных абавязаньнях у рублях працягнуліся.
Напрыканцы 2023 году Менск выкарыстаў новую схему выплат расейскім інвэстарам па эўрабондах — праз Нацыянальны разьліковы дэпазытарый РФ, але ўсё гэтак жа ў беларускіх рублях.
Паводле інфармацыі РБК, выплаты па такой схеме закрануць толькі адзін выпуск аблігацый — Belarus-2023 — і толькі тых інвэстараў, якія набылі адпаведныя каштоўныя паперы да 6 верасьня 2022 году. Па астатніх выпусках Мінфін плянуе выплачваць купоны па эўрабондах адначасова з іх пагашэньнем, а «не па раней зацьверджаным графіку».
Такім чынам, выплаты купонаў, напрыклад, па Belarus-2031 зробяць толькі ў 2031 годзе. У якасьці альтэрнатыўнага варыянту Мінфін прапанаваў інвэстарам выкупіць аблігацыі за 30% ад наміналу або абмяняць іх на лякальныя паперы з падобнымі парамэтрамі.