Міністэрства фінансаў Беларусі паінфармавала аб пачатку перадачы выплат па эўрааблігацыях Беларусь-2023 расейскі «Нацыянальны разьліковы дэпазытарый» (НРД). Паміж ведамствам і расейскай арганізацыяй дзейнічае дамова.
Выплаты намінальнага кошту і назапашанага працэнтнага даходу адбыліся 28 сьнежня, паведаміў Мінфін Беларусі. Аплата праведзена з улікам палажэньняў пастановы Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага банку Рэспублікі Беларусь ад 26 верасьня 2022 г. № 643/20 «Аб правядзеньні асобных апэрацый зь дзяржаўнымі каштоўнымі паперамі» і на падставе прадстаўленых НРД сьпісаў трымальнікаў, якія прайшлі працэдуры вэрыфікацыі і падалі дакумэнты ва ўстаноўленым парадку.
Грашовыя сродкі ў беларускіх рублях пералічаны НРД з асобнага банкаўскага рахунку, адкрытага раней у «Беларусбанкам» для выкананьня абавязаньняў па эўрааблігацыях згодна з пастановай Савету Міністраў і Нацыянальнага банку ад 6 красавіка 2022 г. № 212/10 «Аб часовых мерах па выкананьні замежных дзяржаўных даўгавых абавязаньняў».
У красавіку сёлета расейскія інвэстары скардзіліся на тое, што ня могуць другі месяц атрымаць выплаты за пагашэньне беларускіх эўрааблігацый. Ініцыятыўная група трымальнікаў аблігацый зьвярталася са скаргамі ў Банк Расеі і беларускае Міністэрства фінансаў.
Міністэрства фінансаў Беларусі аб’явіла аб пагашэньні выпуску эўрааблігацый аб’ёмам у 800 млн даляраў 28 лютага. Выплаты зрабілі ў беларускіх рублях. Таксама аплацілі купон па гэтым выпуску і даходы яшчэ па трох выпусках на 57,2 млн даляраў.
У пачатку сакавіка газэта «Коммерсантъ» пісала пра тое, што расейскія трымальнікі беларускіх эўрабондаў ня могуць атрымаць выплаты. Паводле ацэнкі выданьня, яны валодалі аблігацыямі на 500 млн даляраў. Газэта пісала, што праблема зьвязана з рэестрамі канчатковых трымальнікаў аблігацый. Мінфін Беларусі ня меў іх у поўным аб’ёме.
Летась урад Беларусі вырашыў праводзіць выплаты па эўрааблігацыях у нацыянальнай валюце на рахункі ў «Беларусбанку», бо праз санкцыі плацяжы па звычайных каналах не ажыцьцяўляліся. Пасьля гэтага міжнародныя агенцтвы пачалі зьніжаць рэйтынг Беларусі, паказваючы яго ў стане перад дэфолтам.