Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто перамагае на выбарах прэзыдэнта Тайваню і чаму за імі сочыць цэлы сьвет, у тым ліку Беларусь


Ўільям Лай
Ўільям Лай

Прэзыдэнцкія выбары прайшлі ў суботу. Падлік галасоў яшчэ працягваецца, але адрыў фаварыта гонкі, кандыдата ад кіроўнай партыі Ўільяма Лая ўжо недасяжна вялікі, апазыцыя Тайваню прызнала паразу.

Кандыдат ад кіроўнай партыі 64-гадовы Ўільям Лай (альбо інакш – Лай Ціндэ), які прадстаўляе кіроўную Дэмакратычную прагрэсіўную партыю, быў фаварытам ад самага пачатку. Улады мацерыковага Кітая называюць яго сэпаратыстам, інфармуе Бі-Бі-Сі. Ён выступае за скарачэньне эканамічнай залежнасьці вострава ад Пэкіну і збліжэньне з ЗША.

Яго галоўны апанэнт – кандыдат ад апазыцыйнай партыі Гаміньдан Хоў Юі, наадварот, прыхільнік збліжэньня з мацерыковым Кітаем.

Афіцыйныя вынікі будуць падведзеныя праз некалькі дзён. Аднак паведамляецца, што сотні прыхільнікаў Уільяма Лая сабраліся ў штаб-кватэры Дэмакратычнай прагрэсіўнай партыі і ўжо сьвяткуюць перамогу. Пасьля падліку 98% бюлетэняў Лай набірае 40,2% галасоў.

За выбарамі на Тайвані назірае ўвесь сьвет, бо Пэкін пагражае высьпе вайной у выпадку, калі па іх выніках тайванцы захочуць аб'явіць аб фармальнай незалежнасьці ад Кітаю. ЗША неаднаразова заяўлялі, што ўмяшаюцца ў сытуацыю ў рэгіёне ў выпадку ваеннай агрэсіі з боку Пэкіна.

Паводле прагнозаў Bloomberg, калі б Кітай напаў на Тайвань, вайна абышлася б у 10% сусьветнага ВУП. Гэта больш, чым урон ад вайны Расеі з Украінай, пандэміі і глябальнага фінансавага крызісу.

У выпадку пачатку вайны, паводле ацэнак экспэртаў, эканоміка Тайваню будзе зьнішчаная, ВУП Кітаю можа скараціцца на 16, 7%, ВУП ЗША – на 6, 7%, а сусьветны ВУП зьнізіцца на 10, 2%. Больш за ўсё пацярпяць Паўднёвая Карэя, Японія і іншыя краіны Ўсходняй Азіі.

Новыя ўлады на Тайвані наўрад ці абвесьцяць незалежнасьць, адпаведна, імавернасьць поўнамаштабнай вайны паміж КНР і ЗША невялікая, – лічыць віцэ-прэзыдэнтка міжнароднага аналітычнага цэнтру GLOBSEC у Браціславе Алена Кудзько:

– Не абавязкова гэта будзе паўнавартасная вайна, гэта могуць быць больш частыя і больш небясьпечныя вайсковыя сутыкненьні. І гэта, безумоўна, адцягне ўвагу ЗША ад іншых рэгіёнаў, у прыватнасьці, ад Украіны і Беларусі. Я мяркую, што і пасьля выбараў 13 студзеня палітыка Тайбэя будзе прыкладна такой жа, якой яна і была. Амэрыканцы кажуць Тайваню, што не заклікаюць яго да абвяшчэньня незалежнасьці, што Вашынгтон – за захаваньне статус-кво ў рэгіёне. І я ня думаю, што Тайвань сам будзе нарывацца на больш жорсткую канфрантацыю з КНР.

Міністэрства замежных справаў Беларусі яшчэ да завяршэньне падліку галасоў выступіла з заявай, у якой запэўніла, што афіцыйны Менск «цьвёрда падтрымлівае прынцып «аднаго Кітаю» і выступае за «захаваньне тэрытарыяльнай цэласнасьці», а таксама катэгарычна асуджае ўсе «спробы ўмяшаньня зьнешніх гульцоў ва ўнутраныя справы іншых дзяржаў.

  • У канцы 2023 году Міністэрства эканомікі Тайваню паведаміла, што пашырыць абмежаваньні на экспарт некаторых тавараў у Беларусь і Расею. Пад абмежаваньні падпадуць 45 відаў тавараў, забарона на іх экспарт пачне дзейнічаць з 25 студзеня.
  • У паведамленьні Мінэканомікі Тайваню гаворыцца, што абмежаваньні ўводзяцца дзеля «прадухіленьня экспарту высокатэхналягічных тавараў Кітаю ў ваенных мэтах».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG