Палітвязень Вадзім Храсько памёр у ноч на 9 студзеня ад запаленьня лёгкіх. Яго даставілі з калёніі «Віцьба» ў шпіталь запозна, выратаваць жыцьцё Вадзіма лекарам не ўдалося. 12 студзеня Вадзіма пахавалі ў Менску. Яму было 50 гадоў.
У жніўні 2023 года судзьдзя Сяргей Хрыпач прызначыў яму 3 гады зьняволення за некалькі данатаў, нягледзячы на тое, што мужчына меў сур’ёзнае захворваньне.
Паводле праваабаронцаў, на 13 кастрычніка 2023 году быў прызначаны разгляд апэляцыйнай скаргі Вадзіма ў Вярхоўным судзе. Судовая калегія пад старшынствам Аляксея Цяцюхіна пакінула прысуд у сіле.
Вадзім жыў у Менску. Працаваў у сфэры IT, у фірмах, якія займаліся распрацоўкай праграмнага забесьпячэньня з пачатку 1990-х гадоў. Адно зь першых месцаў працы — замежнае прадпрыемства «Лаппа ИП», якое існавала з 1991 году.