Як паведамляе «Аль-Джазіра», верталёт ляцеў у сталіцу Самалі Магадышу, калі на яго борце ўзьніклі тэхнічныя непаладкі. Верталёт зрабіў вымушаную пасадку ў раёне, які знаходзіцца пад кантролем групоўкі радыкальных ісламістаў «Аль-Шабаб», і быў захоплены баевікамі. The Washington Рost удакладняе, што баевікі падпалілі гелікоптэр, а экіпаж і пасажыраў захапілі.
Прадстаўнік узброеных сіл Самалі маёр Хасан Алі заявіў, што на борце былі двое самалійцаў і некалькі замежнікаў. Паводле яго, верталёт павінен быў даставіць мэдыкамэнты ў адзін з рэгіёнаў збройнага канфлікту, а зваротным рэйсам вывезьці адтуль параненых.
- «Аль-Шабаб», або «Аш-Шабаб» — узброеная ісламісцкая групоўка, якая дзейнічае ў Самалі і зьвязаная з «Аль-Каідай». Яна ўдзельнічае ў збройных канфліктах у рэгіёне, выступае супраць афіцыйнага ўраду і кантралюе частку тэрыторыі ў цэнтры і на поўдні краіны.