Аўтары сьцвярджаюць, што адзін з дэпутатаў ірляндзкага парлямэнта быў завэрбаваны Крамлём і паміж 2019-2022 гадамі дзейнічаў у інтарэсах Масквы.
Імя парлямэнтара не называецца, ён фігуруе ў артыкуле пад мянушкай Кобальт. The Sunday Times сьцьвярджае, што Кобальт і зараз застаецца чальцом парлямэнта. На мяжы 2010-х і 2020-х, калі Вялікабрытанія выходзіла з Эўразьвязу, задачай Кобальта было ў інтарэсах Масквы расхістваць адносіны паміж Ірляндыяй, Вялікабрытаніяй і ЭЗ. Таксама ён прапаноўваў дапамагчы расейскай агентуры наладзіць сувязі з сэпаратысцкім узброеным падпольлем у Паўночнай Ірляндыі.
Крыніцы ў спэцслужбах распавялі The Sunday Times, што расейскія агенты выкарыстоўвалі для вярбоўкі ірляндцаў «мядовую пастку» — сэксуальныя сувязі, з дапамогай якіх затым шантажавалі будучых сувязных, схіляючы да супрацоўніцтва.
The Sunday Times называе імя вярбоўшчыка — Сяргей Пракопаў. Супрацоўнік расейскай выведкі, ён працаваў пад прыкрыцьцём у расейскай амбасадзе ў Дубліне. Яго і яшчэ трох расейскіх дыпляматаў выслалі з Ірляндыі ў 2022 годзе пасьля абвінавачаньня ў шпіянажы. Кобальт застаецца ў полі зроку ірляндзкіх спэцслужбаў, аднак абвінавачаньні ў шпіянажы ня могуць быць яму прад’яўленыя, паколькі ён ня меў доступу да якой-небудзь сакрэтнай інфармацыі.
Форум