У горадзе Бярэзань (Беразіно) Менскай вобласьці ад прарыву водаправоду без халоднай вады засталіся адзін шматкватэрны і 57 прыватных дамоў.
Як паведаміла выданьне «Бярэзінская панарама», прарыў адбыўся ў першай палове 9 студзеня, а аднавіць водазабесьпячэньне плянуюць да 15 гадзін 10 студзеня.
Папярэдне, прарыў адбыўся з прычыны натуральнага зносу трубаправоду.
Абноўлена: у 18.50 10 студзеня дзяржаўнае агенцтва БелТА паведаміла, што водазабесьпячэньне ў горадзе цалкам аднавілі.
9 студзеня ў часе плянавага агляду цеплавых сетак у мікрараёне Малінаўка ў Менску выявілі выцек цепланосьбіту. У выніку 10 студзеня без ацяпленьня і гарачай вады засталося больш за 100 шматпавярховых дамоў па вуліцах Громава, Ясеніна, Рафіева і Слабадзкой, звыш 10 дзіцячых садкоў, 5 школаў, некалькі крамаў і аздараўленчы комплекс.
Падачу гарачай вады і ацяпленьне ў Малінаўцы аднавілі каля 16-ай гадзіны 10 студзеня.