Гэта вынікае са зьвестак, агучаных расьсьледніцкім цэнтрам «Бюро Медыя», паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».
Паведамляецца, што ў распараджэньне журналістаў трапілі 40 тыс. файлаў унутранай дакумэнтацыі БЧК.
Паводле зьвестак выданьня, у 2022 годзе БЧК атрымаў ад міжнародных донараў 12,9 млн рублёў, што складае 57,2% усяго бюджэту арганізацыі.
На долю МФТЧКіЧП прыпадала 34% усіх замежных паступленьняў, адзначаецца ў расьсьледаваньні. Такім чынам, пры захаваньні такога ж аб’ёму фінансаваньня арганізацыя магла атрымаць у 2024 годзе, але пазбавілася амаль 4,4 млн рублёў.
«Бюро Медыя» адзначае, што ў пачатку 2023 году БЧК атрымаў ад ЮНІСЭФ 210 тыс. даляраў на праект «Выяўленьне, асноўныя паслугі, матэрыяльная дапамога і інтэграцыя сем’яў зь дзецьмі з Украіны ў Рэспубліцы Беларусь». З названай сумы 124 тыс. выдадзены грашыма, астатняе — таварамі.
«Для таго, каб асвоіць 124 тыс. даляраў, ад БЧК у праекце прадугледжаная 21 пазыцыя розных каардынатараў праекта і 8 сацыяльных работнікаў. Дадамо псыхолягаў, фінансавых мэнэджараў, кіроўцаў, валянтэра, інфармацыйных прадстаўнікоў і атрымаем 59 чалавек у праекце», — адзначаюць расьсьледнікі.
У асобным артыкуле бюджэту на забесьпячэньне «эфэктыўнага кіраваньня» праектам прадугледжана 58,25 тыс. даляраў, на аплату штату супрацоўнікаў — каля 80 тыс. долараў.
Таксама ў расьсьледаваньні згадваецца некалькі службовых выпраў кіраўнікоў БЧК, на якія былі выдаткаваныя значныя сумы.
1 сьнежня МФТЧКіЧП прыпыніла сяброўства БЧК за невыкананьне кастрычніцкага патрабаваньня фэдэрацыі вызваліць ад пасады генэральнага сакратара Дзьмітрыя Шаўцова, які абвінавачваецца ў дачыненьні да вывазу дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны, а таксама адзначыўся рэзананснымі заявамі аб разьмешчанай у Беларусі расейскай ядзернай зброі.
«Невыкананьне патрабаваньня азначае, што БЧК страчвае свае правы сябра МФТЧКіЧП. Любое новае фінансаваньне ў дачыненьні да Беларускага Чырвонага Крыжа таксама будзе прыпыненае, — паведаміла міжнародная фэдэрацыя. — Акрамя таго, БЧК ня зможа ўдзельнічаць у Генасамблеі МФТЧКіЧП, а таксама галасаваць або быць выбраным на якіх-небудзь статутных сходах МФТЧКіЧП».
БЧК можа быць адноўлены ў правах, як толькі «выканае рашэньне праўленьня» фэдэрацыі і адхіліць дзейнага генэральнага сакратара ад пасады.
Прэтэнзіі да генэральнага сакратара арганізацыі ўзьніклі празь ягоныя візыты ў акупаваныя РФ украінскія гарады Луганск і Данецк, заявы аб перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый і іншае.
Беларускі бок не адмаўляе факту вывазу ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый, заяўляючы, што гэта робіцца для іх аздараўленьня і са згоды іх законных прадстаўнікоў.
20 ліпеня ў эфіры дзяржканалу АНТ Шаўцоў заявіў аб магчымасьці выкарыстаньня разьмешчанай у Беларусі расейскай тактычнай ядзернай зброі.
Удакладніўшы, што ён «ні да чога не заклікае», генэральны сакратар БЧК сказаў: «Можа быць, варта ўсё ж такі людзям на Захадзе намякнуць, што мы ня проста вам кажам і папярэджваем, а мы гэта канкрэтна можам зрабіць, калі вы не супакоіцеся. Я разумею, што гэта будзе супэрэскаляцыя. Але рана ці позна да гэтага прыйдзем. Давядзецца проста даць трошкі па зубах».