Пра гэта выданьню «Бюро» расказалі ў беларускім прадстаўніцтве ААН.
«Агенцтвы ААН у Беларусі засяроджаныя на завяршэньні цяперашніх праектаў зь Беларускім Чырвоным Крыжам. Мы вывучаем альтэрнатыўныя мэтады, як працягнуць аказваць неабходную падтрымку ўразьлівым супольнасьцям у Беларусі, каб гарантаваць бесьперабойнасьць гуманітарнай дапамогі ў гэты пераходны пэрыяд», — зазначылі ў прадстаўніцтве ААН у Беларусі.
Магчыма, структуры ААН будуць дапамагаць беларусам празь іншыя няўрадавыя арганізацыі або працаваць зь лякарнямі наўпрост, адзначае выданьне.
Згодна з справаздачай Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа за 2022 год, якая ёсьць у распараджэньні «Бюро», замежнае фінансаваньне склала 57,2% ад усяго бюджэту арганізацыі. Агульная сума дапамогі — амаль 13 мільёнаў рублёў. На долю МФТЧКіЧП прыпадала каля 30% усяго замежнага фінансаваньня, а ўвогуле на ўдзельнікаў міжнароднага руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца — 58% усёй міжнароднай дапамогі для БТЧК. Яшчэ 41% складала грашовая дапамога ад агенцтваў ААН.
- 1 сьнежня было прыпыненае сяброўства Беларускага Чырвонага Крыжа ў Міжнароднай фэдэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, таксама спынілася фінансаваньне арганізацыі. Прычынай стала невыкананьне патрабаваньня Міжнароднай фэдэрацыі вызваліць Дзьмітрыя Шаўцова ад пасады генэральнага сакратара БТЧК да 30 лістапада.
- Прэтэнзіі да Шаўцова ўзьніклі ў выніку ягоных візытаў у акупаваныя Расеяй украінскія гарады Луганск і Данецк, а таксама заяваў пра перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый, пра магчымасьць нанясеньня па краінах Захаду ядзернага ўдару.
- У кастрычніку Міжнародная фэдэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца апублікавала вынікі расьсьледаваньня дзейнасьці Дзьмітрыя Шаўцова ў сувязі зь ягонымі паездкамі на акупаваны Расеяй Данбас. Расьсьледаваньне паказала, што Шаўцоў «парушыў Асноўныя прынцыпы руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, правілы выкарыстаньня яго эмблемаў і Палітыку добрасумленнасьці МФТЧКіЧП».
- За вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмэна РФ Марыі Львовай-Бяловай. Беларускія дэмакратычныя сілы дамагаюцца, каб суд выдаў аналягічны ордэр на Аляксандра Лукашэнку, бо ўкраінскіх дзяцей вывозяць і ў Беларусь. 13 верасьня Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю з заклікам да МКС разгледзець такую магчымасьць.