9 студзеня Сьвятлана Ціханоўская і прадстаўнікі Аб'яднанага пераходнага кабінэту сустрэліся з новым кіраўніцтвам Польшчы — чальцамі Сэйму і Сэнату.
Сьпікеры Сэйму і Сэнату Шыман Галоўня і Малгажата Кідава-Блоньска запэўнілі беларускі бок у поўнай падтрымцы дэмакратычных сілаў Беларусі, паведамляе прэс-служба Ціханоўскай. Таксама суразмоўцы пагадзіліся, што патрэбна новая, больш эфэктыўная стратэгія па Беларусі для вызваленьня палітвязьняў і спыненьня рэпрэсій.
«Мы павінны сёньня думаць пра Беларусь як пра нашага партнэра, — сказаў Шыман Галоўня на прэсавай канфэрэнцыі пасьля сустрэчы. — Пра тыя ўсе супольнасьці, якія ў Беларусі абсалютна беспрэцэдэнтным спосабам супрацьстаяць злу, як пра саюзьнікаў дзеля будаваньня бясьпекі ў гэтай частцы Эўропы».
«Хачу запэўніць пані прэзыдэнтку і ўсіх чальцоў дэлегацыі, што вольная Беларусь у інтарэсах вольнай Польшчы, у сэрцы вольнай Польшчы, — дадаў Галоўня. — І што Польшча зробіць усё, каб Беларусь была вольнай краінай вольных людзей... У сэрцы ўжо вольных».
Кіраўніца верхняй палаты польскага парлямэнту Малгажата Кідава-Блоньска запэўніла, што Сэнат знойдзе новыя магчымасьці для супрацоўніцтва з дэмакратычнай Беларусьсю. Яна падтрымала прапанову аб стварэньні міжфракцыйнай парлямэнцкай групы «За дэмакратычную Беларусь», аб стажах для маладых беларусаў, правядзеньні экспэртызы праектаў законаў для новай Беларусі, палітычнай апецы беларускіх палітвязьняў. Таксама яна пагадзілася зь неабходнасьцю асобнага пляну супрацоўніцтва на час старшынства Польшчы ў Эўразьвязе (Польшча павінна стаць старшынёй у ЭЗ у першай палове 2025 году).
Па выніках сустрэчы польскія палітыкі пагадзіліся правесьці слуханьні аб Беларусі ў Сэйме і Сэнаце і вынесьці рэзалюцыю. Плянуецца, што дакумэнт ухваліць падтрымку эўрапейскага выбару Беларусі, неабходнасьць неадкладнага вызваленьня палітзьняволеных і падтрымае прыцягненьне рэжыму Лукашэнкі да адказнасьці.
Асобна бакі абмеркавалі стварэньне беларускіх школ у Польшчы і пашырэньне магчымасьцяў для беларускамоўнай адукацыі дзяцей. Таксама падчас абмеркаваньня разгледзелі пытаньні стажаў для маладых беларусаў у сфэры дыпляматыі — супрацоўніцтва плянуецца ладзіць у рамках праекту «Кадравая рэзэрва для Новай Беларусі».
Падчас абмеркаваньня праблемы вызваленьня палітзьняволеных у Беларусі Шыман Галоўня афіцыйна ўзяў аднаго зь беларускіх палітвязьняў пад патранаж і заклікаў зрабіць тое ж самае іншых парлямэнтароў. Да гэтай высакароднай місіі далучацца і прадстаўнікі Сэнату, адзначае прэс-служба Ціханоўскай.
Як расказаў Свабодзе дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка, Шыман Галоўня запэўніў, што Польшча «падтрымлівала, падтрымлівае і будзе падтрымліваць вызваленьне Беларусі», а таксама пагадзіўся падтрымаць намаганьні беларусаў для сяброўства ў Эўразьвязе. Павал Латушка падчас сустрэчы папрасіў Галоўню падтрымаць намаганьні ў прыцягненьні рэжыму Лукашэнкі да адказнасьці за злачынствы супраць чалавечнасьці і за ваенныя злачынствы супраць Ўкраіны.
Галоўня выказаў упэўненасьць, што новы польскі ўрад зробіць усё магчымае, каб Беларусь заставалася «наверсе ў парадку дня» для польскіх уладаў, бо гэта «пытаньне ня толькі правоў чалавека і каштоўнасьцяў дэмакратыі, але і пытаньне бясьпекі Польшчы». Паводле яго, Польшча зацікаўленая ў дэмакратычных і незалежных Беларусі і Ўкраіне.
Па выніках сустрэчы стала вядома, што ўжо сфармаваная група сяброў Беларусі ў польскім Сэйме. Яе старшынём стане Марцін Бусацкі, дэпутат Сэйму Польшчы, які раней працаваў у польскім МЗС і які выдатна арыентуецца ў беларускім пытаньні. Падобную групу таксама створаць у польскім Сэнаце. Потым яны далучацца да міжнароднага альянсу групаў «За дэмакратычную Беларусь».
8 студзеня Ціханоўская разам з дэлегацыяй Аб’яднанага пераходнага кабінэту сустрэлася з кіраўніком МЗС Польшчы Радославам Сікорскім і зь міністрам Польшчы ў эўрапейскіх справах Адамам Шлапкам.
На сустрэчы зь Сікорскім, сярод іншага, дасягнулі дамоўленасьці аб стварэньні міжведамаснай рабочай групы па вырашэньні зьвязаных зь Беларусьсю пытаньняў. Паводле інфармацыі тэлеграм-канала Ціханоўскай, у гэтую групу павінны ўвайсьці прадстаўнікі розных польскіх міністэрстваў і дзяржаўных устаноў.
Міністра ў эўрапейскіх справах Адама Шлапку Ціханоўская папрасіла «падтрымаць эўрапейскі выбар беларусаў і зрабіць Беларусь адным з прыярытэтаў падчас старшынства» Польшчы ў Радзе Эўразьвязу ў 2025 годзе.
Хто такая Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская — беларускі палітык, былая кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі. Цяпер знаходзіцца ў Літве.
- Сьвятлана Ціханоўская нарадзілася ў 1982 годзе ў Мікашэвічах (Берасьцейская вобласьць).
- 15 траўня 2020 году пасьля адмовы Цэнтральнай выбарчай камісіі зарэгістраваць мужа Сьвятланы, зьняволенага лідэра кампаніі «Страна для жизни» блогера Сяргея Ціханоўскага, Сьвятлана ад свайго імя падала дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. 20 траўня яе групу зарэгістравалі. 29 траўня кіраўніка яе выбарчага штабу Сяргея арыштавалі зноў.
- Кандыдаткай у прэзыдэнты Ціханоўскую зарэгістравалі 14 ліпеня 2020.
- Пасьля арышту прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі і ўцёкаў за мяжу яшчэ аднаго прэтэндэнта Валера Цапкалы іх штабы аб’ядналіся з штабам Сьвятланы Ціханоўскай. Аб’яднаны штаб правёў пасьпяховую выбарчую кампанію з шматтысячнымі мітынгамі ў вялікіх і малых гарадах Беларусі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
- Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, на выбарах Сьвятлана Ціханоўская набрала 10,09%, а Аляксандар Лукашэнка — 80,08%. Ціханоўская адмовілася прызнаць гэтыя вынікі і 10 жніўня асабіста накіравалася ў ЦВК, каб іх абскардзіць.
- З ЦВК палітык не вярнулася. Сувязь зь ёю зьнікла, празь некалькі гадзін у вэстыбюлі ЦВК яна паведаміла, што «прыняла рашэньне» і зьехала ў невядомым кірунку. 11 жніўня стала вядома, што яна ў Літве. Былі апублікаваныя два відэазвароты Ціханоўскай, адзін зь якіх быў запісаны ў ЦВК пасьля размовы з двума высокапастаўленымі сілавікамі, у ім Ціханоўская заклікае дэманстрантаў не выходзіць на вуліцы. Кіраўніцтва Літвы 11 жніўня заявіла, што звароты Ціханоўская запісала пад ціскам і шантажом.
- Празь некалькі дзён пасьля фактычнай «дэпартацыі» ў Літву Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што бярэ на сябе ролю «нацыянальнага лідэра».
- 18 жніўня з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай у Беларусі была створаная Каардынацыйная рада для транзыту ўлады.
- 10 верасьня 2020 Сэйм Літвы прагаласаваў за прызнаньне Сьвятланы Ціханоўскай абраным кіраўніком Беларусі.
- Ад верасьня 2020 году Ціханоўская наведала з працоўнымі візытамі дзясяткі краін сьвету і сустрэлася зь іх лідэрамі. Сярод іх прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, высокі прадстаўнік ЭЗ Жузэп Бурэль, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ды інш.
- Сьвятлана Ціханоўская кантактавала з актыўнымі людзьмі ў Беларусі падчас пратэстаў 2020 і 2021 гадоў, прызначыла сваіх прадстаўнікоў для падтрыманьня лучнасьці з сацыяльнымі і прафэсійнымі групамі ў краіне.
- Ціханоўская выступіла за правядзеньне ў Беларусі новых празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў пры міжнародным кантролі і актыўна заклікала міжнародную супольнасьць да ўдзелу ў арганізацыі перамоваў зь цяперашнім кіраўніцтвам Беларусі.
- За два гады Ціханоўская, яе штаб і зьвязаныя з ёй ініцыятывы дапамагалі палітвязьням, выступалі з шэрагам гуманітарных і палітычных ініцыятываў.
- Яна выступала супраць сфальшаванага канстытуцыйнага рэфэрэндуму, ініцыяванага Лукашэнкам у 2022 годзе.
- У лютым 2022 Ціханоўская асудзіла расейскую агрэсію супраць Украіны і саўдзел у ёй рэжыму А. Лукашэнкі, у сакавіку 2022 году стварыла беларускі Антываенны рух.
- У красавіку 2022 году Ціханоўская на канфэрэнцыі Рады Бясьпекі ААН заявіла, што «поўдзень Беларусі фактычна знаходзіцца пад расейскай акупацыяй».
- Ціханоўская правяла пасьпяховыя перамовы з урадам Польшчы і дамаглася асаблівых умоваў для прыезду і легалізацыі беларусаў, ня згодных з рэжымам Лукашэнкі.
- У жніўні 2022 году Сьвятлана Ціханоўская стварыла Аб’яднаны пераходны кабінэт, назвала чатырох сваіх прадстаўнікоў.
- У лістападзе 2022 Ціханоўская ўпершыню назвала сябе прэзыдэнтам-электам