Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Двух беларусаў судзяць за дывэрсію на чыгунцы пад Масквой нібыта па заданьні Ўкраіны


Электравоз, ілюстрацыйнае фота
Электравоз, ілюстрацыйнае фота

Абвінавачваньне сьцьвярджае, што беларусы нібыта дзейнічалі згодна з указаньнямі Службы бясьпекі Ўкраіны.

У Маскоўскім абласным судзе пачалося слуханьне матэрыялаў крымінальнай справы аб дывэрсіі, зьдзейсьненай у чыгуначным дэпо Арэхава-Зуева. Абвінаваўцы пішуць, што беларусы Арцём Брэскі і Кірыл Басько нібыта па заданьні СБУ падпалілі кабіну электравозу ВЛ 10. На матэрыялы суду абапіраецца «Коммерсантъ».

За гэтую акцыю, па матэрыялах справы, падсудныя атрымалі ад прадстаўніка ўкраінскай выведкі 65 тысяч расейскіх рублёў (паводле цяперашняга курсу гэта 714 даляраў ЗША).

Пасьля затрыманьня беларусы «прызналі віну і сталі супрацоўнічаць са сьледзтвам у разьліку на больш мяккае пакараньне», паколькі па інкрымінаваным ім артыкуле пагражае да 20 гадоў пазбаўленьня волі.

Падчас папярэдніх слуханьняў, якія адбыліся ў канцы сьнежня, адвакаты падсудных хадайнічалі аб разглядзе справы калегіяй з трох судзьдзяў — так, на думку абароны, будзе забясьпечана максымальная аб’ектыўнасьць. Пракурор не пярэчыў. Разгляд матэрыялаў справы ў судзе пачаўся роўна праз год пасьля затрыманьня фігурантаў.

Як гаворыцца ў крымінальнай справе, 19-гадовы Кірыл Басько і 20-гадовы Арцём Брэскі, абодва родам зь Беларусі, зьдзейсьнілі дывэрсію 22 сьнежня 2022 году па ўказаньні нейкага Юрыя, зь якім пазнаёміліся ў адным з тэлеграм-каналаў. Незадоўга да гэтага абодва фігуранты звольніліся з працы і мелі патрэбу ў грашах. Менавіта Юры і прапанаваў ім грошы за пашкоджаньне чыгуначных каляінаў ці лякаматыву. За гэта заказчык паабяцаў грошы, пасьля таго як атрымае відэасправаздачу аб правядзеньні акцыі.

Дзеля падпалу электравозу беларусы ўзялі каністру з бэнзінам і позьнім вечарам праніклі на тэрыторыю чыгуначнага дэпо Арэхава-Зуева. Спачатку, паводле сьледзтва, паспрабавалі падпаліць электравоз ВЛ 10 звонку, абліўшы яго бэнзінам. Але з гэтай задумы нічога не атрымалася. Тады яны ўлезьлі ў кабіну машыністаў, разьлілі бэнзін усярэдзіне і падпалілі.

Усё, што адбылося, яны зьнялі на відэа, якое адаслалі заказчыку Юрыю. Той пералічыў на ўказаны выканаўцамі рахунак згаданую раней суму.

На гэтым, паводле супрацоўнікаў ФСБ, маладыя людзі вырашылі не спыняцца. Празь некалькі дзён яны набылі ўжо дзьве каністры з бэнзінам і схавалі іх у гостэле, дзе звычайна начавалі. Аднак небясьпечную вадкасьць выявіла прыбіральшчыца, якая паведаміла пра знаходку гаспадарам установы, а тыя — сілавікам.

Спачатку ім прад’явілі абвінавачаньне за «наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне маёмасьці шляхам падпалу, якія пацягнулі за сабой цяжкія наступствы». Аднак затым сьледзтва вырашыла, што фігуранты дзейнічалі па заданьні СБУ, і абвінавачаньне перакваліфікавалі на значна цяжэйшае — «дывэрсія, учыненая групай асоб па папярэдняй змове, якая прычыніла значную маёмасную шкоду».

Па такім артыкуле беларусам пагражае пакараньне ад 12 да 20 гадоў пазбаўленьня волі.

Кірыл Басько і Арцём Брэскі віну прызналі адразу ж пасьля затрыманьня. Па словах іх адваката, абодва фігуранты актыўна супрацоўнічалі са сьледзтвам і расказалі ўсё, што ім было вядома пра заказчыка.

Затрымаць заказчыка наўрад ці магчыма — сілавікі падазраюць, што ён дзейнічаў з-за мяжы.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG