Агульная колькасьць тых, хто прайшоў праз затрыманьні, невядомая. Кагосьці адпускаюць пасьля шматгадзіннай гутаркі пра знаёмства зь Сяргеем Ерамеевым, затрыманым ФСБ нібыта за дывэрсію на БАМе. Кагосьці вязуць адразу ў суд і судзяць паводле адміністрацыйнага артыкулу 19.11 КаАП – калі ў тэлефоне знаходзяць «экстрэмісцкія» падпіскі, паведамляе «Вясна».
Пра крымінальныя справы, заведзеныя на кагосьці з затрыманых апошнімі днямі, пакуль інфармацыі няма. Затрыманьні і допыты працягваюцца з 8 сьнежня.
Пад затрыманьні найперш трапляюць тыя, хто, як і Сяргей, меў дачыненьне да агульнабеларускага страйку ў 2020 годзе. Затрыманых распытваюць, ці былі яны знаёмыя з былым нафтанаўцам, якога абвінавацілі ў падрыве цягнікоў у Паўночна-Муйскім тунэлі БАМу (Байкала-Амурскай магістралі) 29 і 30 лістапада, ці казаў ён раней пра падобныя намеры.
Беларуса Сяргея Ерамеева, якога абвінавацілі ў падрыве цягнікоў у Паўночна-Муйскім тунэлі БАМа, этапуюць у Іркуцк, піша тэлеграм-канал Baza.
Паводле тэлеграм-канала, у знаёмых Сяргея Ерамеева ў Беларусі супрацоўнікі КДБ правялі ператрусы, у іх канфіскавалі тэлефоны і іншую аргтэхніку. Раней пра ператрусы ў Полацку, зьвязаныя з затрыманьнем Ерамеева, пісаў праваабарончы цэнтар «Вясна».
- Сяргей Ерамееў — беларус, якога расейскія ўлады абвінавачваюць у падрыве двух цягнікоў на Байкала-Амурскай магістралі ў Бураціі.
- Вядома, што раней у Беларусі ён страціў працу за ўдзел у пратэстах 2020 году. Сяргей працаваў апэратарам прыладаў на «Нафтане» і ўдзельнічаў у страйку ў 2020 годзе.