Ужо калі Сабалеўскі быў у магілёўскім ІЧУ, на яго склалі яшчэ адзін адміністрацыйны пратакол — за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Пасьля другога тэрміну ён меўся выйсьці на волю 6 студзеня, але гэтага не адбылося, паведамляе MAYDAY TEAM.
Паводле вэрсіі тэлеграм-канала, які вядуць магілёўскія журналісты і праваабаронцы, Алеся Сабалеўскага маглі перавесьці ў сьледчы ізалятар. Але гэтая інфармацыя патрабуе ўдакладненьня, як і тое, у чым яго вінавацяць.
12 сьнежня Алеся Сабалеўскага сілавікі забралі ўранку з працы (ён працаваў у пункце пракату). Гэта здарылася празь некалькі дзён пасьля хвалі затрыманьняў і ператрусаў у магілёўскіх журналістаў, якіх дапытвалі ў КДБ пасьля прызнаньня экстрэмісцкімі фармаваньнямі інфармацыйных рэсурсаў «Магілёў. Меdia» і 6TV Bielarus.
- У студзені 2021-га да Сабалеўскага ўжо прыходзілі з вобшукам. Тады ператрусы адбыліся ў офісе рэдакцыі інфармацыйнага сайта «Магілёўскі рэгіён» і ў кватэрах шэрагу рэгіянальных журналістаў. Аргтэхніку, якую забралі падчас ператрусаў, журналістам вярнулі толькі празь дзесяць месяцаў, у кастрычніку 2022 году.