Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка перайшла на другі радок у сусьветным рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA). Гэта наступства паразы ў паўфінале выніковага турніру WTA, які прайшоў у Мэксыцы.
У Сабаленкі быў шанец застацца на першай пазыцыі, калі б полька Іга Сьвёнтэк саступіла ў фінале. Але пасьля перамогі над беларускай ў 1/2 фіналу полька перамагла і Джэсіку Пэгулу са Злучаных Штатаў, заваявала першы прыз і ўзначаліла рэйтынг.
Турнір у Канкуне востра крытыкавалі за кепскія ўмовы для вядучых тэнісістак сьвету. Украінка Эліна Сьвітоліна наракала, што ў прызначаны час пачатку ейнага матчу корт ня быў да канца гатовым да правядзеньня сустрэчы.
Арына Сабаленка сёлета зазнала вострую крытыку за сваю палітычную пазыцыю, а менавіта за падтрымку палітыкі Аляксандра Лукашэнкі на радзіме і маўчаньне адносна расейскай ваеннай агрэсіі ва Ўкраіне. Арганізатары Ўімблдонскага турніру не адразу выдалі беларусцы візу для ўдзелу ў лёнданскіх спаборніцтвах.
Украінскія тэнісісткі пасьля матчаў адмаўляліся ціснуць Сабаленцы руку. Яна ж заяўляла, што супраць вайны, але ні на што паўплываць ня можа. Пазьней Сабаленка заявіла, што цяпер ужо не падтрымлівае дзеяньні Лукашэнкі. Арганізатары «Ралян Гарос» абаранялі Сабаленку ад пытаньняў пра палітыку і вайну. Яна ж сама гаварыла, што ня мае камэнтароў на пытаньні такога парадку і гатовая размаўляць толькі пра тэніс.
Арына Сабаленка ў 2020 годзе пасьля народных пратэстаў супраць дыктатуры на радзіме падпісала ліст у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі і паўдзельнічала зь ім у балі на Новы 2021 год.
Калі пачалася вайна ва Ўкраіне, Сабаленка паабяцала ў адказ на пытаньне журналістаў надзець жоўта-блакітную бутаньерку ў падтрымку Ўкраіны, але не зрабіла гэтага і расейскую агрэсію не асудзіла, абмяжоўваючыся толькі фразамі, што яна «супраць вайны».
Сабаленка — другая беларуска ў гісторыі, якая была першай ракеткай сьвету. У 2012–2013 гг. лідэркай сусьветнага рэйтынгу была Вікторыя Азаранка, яна трымалася на чале сьпісу даўжэй за суайчыньніцу. Упершыню Азаранка ўзышла на першае месца 30 студзеня 2012 году, у той дзень, калі перамагла ў фінале Australian Open Марыю Шарапаву, якая мела беларускія карані, але ў спаборніцтвах выступала за Расею.
Той жа Шарапавай Азаранка саступала першы радок у 2012-м, але меней чым на месяц. Затым яна ўзначаліла рэйтынг да лютага 2013 году, пакуль на першае месца ня выйшла амэрыканка Сэрэна Ўільямс.
У мужчынскім сусьветным рэйтынгу таксама быў лідэр-беларус, але гэта тычылася парнага разраду. У 2003-м на першым радку быў Максім Мірны.