Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вікторыя Азаранка ня будзе выступаць у турніры ў падтрымку Ўкраіны, украінскія тэнісісткі былі супраць яе ўдзелу


Вікторыя Азаранка
Вікторыя Азаранка

Двухразовая чэмпіёнка турніраў «Вялікага шлему» беларуска Вікторыя Азаранка ня будзе выступаць у дабрачынным турніры «Tennis for peace», увесь прыбытак зь якога пойдзе на гуманітарную дапамогу Ўкраіне.

Пра гэта піша партал «Зеркало» са спасылкай на агенцтва Reuters.

Мерапрыемства пройдзе на кортах US Open увечары сёньня, у Дзень незалежнасьці Ўкраіны. Першапачаткова плянавалася, што Азаранка возьме ўдзел у турніры, але за некалькі гадзін да старту спаборніцтва Асацыяцыя тэнісу ЗША выступіла з заявай, што беларуская тэнісістка ня выйдзе на корт.

Рашэньне было прынятае пасьля «пільнага разгляду сытуацыі і размоваў з усімі зацікаўленымі бакамі». У заяве арганізатараў адзначалася, што Вікторыя гатовая была выступаць, але ўкраінскія спартоўкі выступілі супраць.

У прыватнасьці, украінская тэнісістка Марта Касьцюк раней заявіла, што не разумее, навошта на турнір запрасілі Азаранку.

— Ад яе не было якой-небудзь адкрытай дапамогі ў наш бок. ...Я не разумею, чаму яна гэта робіць. Бо яна ведае, што мы жадаем, каб іх не было на ніводным турніры, як у Ангельшчыне. Насуперак гэтаму яна на гэта ідзе. З намі яна нават не размаўляе, а тут проста бярэ і робіць. Я не магу зразумець чаму? — цытуе словы Касьцюк выданьне «Вялікі тэніс Украіны».

Раней арганізатары брытанскага тэніснага спаборніцтва ва Ўімблдоне вырашылі не дапускаць да ўдзелу ў турніры расейскіх і беларускіх спартоўцаў. Асацыяцыя тэнісістаў-прафэсіяналаў (ATP) і Жаночая тэнісная асацыяцыя (WTA) гэты крок не падтрымалі.

З прычыны гэтага рашэньня Асацыяцыя тэнісістаў-прафэсіяналаў (ATP) пазбавіла Ўімблдон рэйтынгавых ачкоў, а WTA аштрафавала турнір на мільён даляраў.

Як гаварылася ў заяве ATP, магчымасьць гульцоў любой нацыянальнасьці ўдзельнічаць у турнірах пад эгідай асацыяцыі — асноўнае правіла, парушанае кіраўніцтвам Уімблдону, якое забараніла расейскім і беларускім гульцам спаборнічаць у Вялікай Брытаніі гэтым летам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG