Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пад Мікалая Лукашэнку Канстытуцыю могуць зьмяніць». Вусаў пра варыянты зьмены ўлады


Павал Вусаў, Мікалай і Аляксандар Лукашэнкі. Каляж.
Павал Вусаў, Мікалай і Аляксандар Лукашэнкі. Каляж.

Лукашэнка вярнуў правіла двух прэзыдэнцкіх тэрмінаў, па 5 год кожны, і зацьвердзіў гарантыі для былых прэзыдэнтаў Беларусі. Што гэта: падрыхтоўка да транзыту ўлады ці пыл у вочы і зацягваньне часу? Абмяркоўваем разам з доктарам палітычных навук Паўлам Вусавым.

4 студзеня Лукашэнка падпісаў папраўкі ў закон, у адпаведнасьці зь якімі «прэзыдэнт, які пайшоў у адстаўку, і чальцы яго сям’і валодаюць недатыкальнасьцю з пажыцьцёвай аховай і правам на дзяржаўную нерухомасьць».

Навошта гэтыя зьмены Лукашэнку цяпер? Павал Вусаў лічыць, што ня варта аддаваць ім увагу, паколькі сыстэма, якая сфармавалася ў Беларусі пасьля 2020 году, гарантуе Лукашэнку пажыцьцёвую ўладу.

«Ці прынамсі да таго часу, пакуль ён фізычна і псыхалягічна ў стане кантраляваць палітычныя працэсы ў Беларусі і прымаць рашэньні. Усе гэтыя „законы“ ці „папраўкі ў Канстытуцыю“ ня маюць ніякага сутнаснага значэньня ні для Беларусі, ні для Лукашэнкі, ні для беларускага грамадзтва. Адзіная гарантыя для Лукашэнкі, яго сям’і і атачэньня — гэта ўлада», — лічыць Вусаў.

Цалкам гутарку глядзіце ў відэафармаце на Youtube.

На яго думку, падзеі на постсавецкай прасторы паказалі, што як толькі першая асоба сыходзіць з улады, то яна губляе ўсё. Вусаў перакананы, што ў выпадку надзвычайнай сытуацыі Лукашэнка перадасьць уладу Савету бясьпекі або свайму старэйшаму сыну, Віктару Лукашэнку.

«Галоўны псыхалягічны момант, калі мы гаворым пра перадачу ўлады ў пэрспэктыве, калі фізычна ці псыхалягічна Лукашэнка будзе ня ў стане функцыянаваць, то яго падсьвядомае жаданьне — перадаць уладу самаму малодшаму сыну Мікалаю. Для гэта патрэбныя яшчэ 10 год. З новай сыстэмай, увядзеньнем Усебеларускага народнага сходу, можа зьявіцца ініцыятыва зноў памяняць Канстытуцыю. Яна ў часы Лукашэнкі ўжо мянялася тройчы», — нагадвае палітоляг.

У 2004 годзе Лукашэнка зьмяніў Канстытуцыю, прыбраўшы абмежаваньне двух тэрмінаў для прэзыдэнта. У абноўленай у 2022 годзе Канстытуцыі ён ізноў увёў два прэзыдэнцкія тэрміны па 5 год. На нарадзе 4 студзеня Лукашэнка заявіў, што «цяперашні прэзыдэнт хоча быць і далей прэзыдэнтам».

  • Папраўкі, якія ён падпісаў, надзяляюць прэзыдэнта, які пайшоў у адстаўку, і яго сям’ю, недатыкальнасьцю ў сувязі зь любымі злачынствамі, учыненымі за час кіраваньня.
  • Не дапускаюцца таксама любыя працэсуальныя дзеяньні ў дачыненьні да яго і пазбаўленьне яго волі.
  • Недатыкальнымі застануцца яго маёмасьць, актывы, перапіска і права на пажыцьцёвую дзяржаўную ахову.
  • Пасьля адстаўкі прэзыдэнт атрымае ва ўласнасьць задарма дзяржаўную нерухомасьць для пастаяннага пражываньня, у тым ліку — «зямельны ўчастак з разьмешчанымі на ім капітальнымі будынкамі».
  • У законе прапісана, што на бюджэт ускладаюцца выдаткі на пахаваньне і ўвекавечваньне памяці прэзыдэнта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG