Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менск на навагодняе сьвята ў межах акцыі «Нашы дзеці» прывезьлі дзяцей ня толькі з Украіны, а і з Палестыны і Латвіі


Навагодняе сьвята ў межах акцыі «Нашы дзеці» ў Палацы Рэспублікі 28 сьнежня 2023. Фота з сайту Аляксандра Лукашэнкі
Навагодняе сьвята ў межах акцыі «Нашы дзеці» ў Палацы Рэспублікі 28 сьнежня 2023. Фота з сайту Аляксандра Лукашэнкі

«Мы робім усё для таго, каб тыя дзеці, якія сёньня ня маюць такой магчымасьці — сабрацца ў прыгожай залі і пагаварыць са сваім прэзыдэнтам, прыяжджалі да нас і адчувалі сябе як дома», — заявіў Лукашэнка.

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь «дапамагае і будзе дапамагаць дзецям, у якіх вайна намагаецца скрасьці дзяцінства».

«У Палацы Рэспублікі сабраліся нашы дзеці — беларускія, расейскія, украінскія, палестынскія, латвійскія і шмат іншых. Усіх вас ад імя нас, дарослых, і ад імя ўсіх дзяцей нашай краіны я хачу прывітаць, павіншаваць з надыходзячым Новым годам, павіншаваць вас з гэтым вялікім сьвятам. Будзьце заўсёды здаровыя і шчасьлівыя, больш усьміхайцеся, верце ў дабро. А мы будзем побач з вамі», — працытавала Аляксандра Лукашэнку дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА.

Аляксандар Лукашэнка падкрэсьліў, што ў Беларусі «няма чужых дзяцей».

«Беларусь была і будзе адкрытая для ўсіх хто страціў мір у сваіх краінах. Мы дапамагалі і будзем дапамагаць такім дзецям, дзецям, у якіх вайна намагаецца скрасьці гэтае дзяцінства», — дадаў ён.

«Мы бачым, што адбываецца з розных куточках нашай плянэты. І мы робім усё для таго, каб тыя дзеці, якія сёньня ня маюць такой магчымасьці — сабрацца ў прыгожай залі і пагаварыць са сваім прэзыдэнтам, прыяжджалі да нас і адчувалі сябе як дома. Не павінна быць дзяцей, якія ўцякаюць ад вайны. Мы павінны падхапіць гэтых дзяцей своечасова, прывезьці да сябе дадому, абагрэць і зрабіць іхнае дзяцінства шчасьлівым», — заявіў Лукашэнка.

Па афіцыйных дадзеных украінскіх уладаў на сьнежань 2023 году, з 24 лютага 2022 году з Украіны ў Расею дэпартавалі 19 546 дзяцей. Гэта толькі тыя выпадкі, якія ўдалося зафіксаваць афіцыйна. Расейскі бок, у сваю чаргу, заяўляе пра 700 тысяч вывезеных дзяцей.

Міжнародны крымінальны суд у Гаазе 17 сакавіка 2023 году выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і расейскай Упаўнаважанай у справах дзяцей Марыі Львовай-Бяловай. Ім ставяць у віну адказнасьць за незаконную дэпартацыю дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Расею.

Пазьней стала вядома аб датычнасьці беларускіх уладаў і праўладных актывістаў да незаконнага вывазу ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Расеі.

Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Дзьмітро Лубінец заявіў, што Расея сыстэмна перамяшчае ўкраінскіх дзяцей праз тэрыторыю Беларусі, каб утаіць іх рэальную колькасьць.

Пракуратура Ўкраіна на падставе звароту ўкраінскага амбудсмэна ўключыла дзейнасьць беларускага паралімпійца Аляксея Талая ў незаконным перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей з часова акупаванай тэрыторыі Ўкраіны ў матэрыялы крымінальнай справы, якую расьсьледуюць паводле дзьвюх першых частак артыкулу 438 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — парушэньне законаў і звычаяў вайны. Дадаткова накіравалі і матэрыялы датычна да старшыні беларускага Чырвонага Крыжа Дзьмітрыя Шаўцова, які ўдзельнічае ў незаконным вывазе ўкраінскіх дзяцей.

Справу завялі 21 сакавіка 2022 году па фактах усіх расейскіх ваенных злачынстваў ва Ўкраіне, у тым ліку паводле фактаў забойства і расстрэлаў мірных жыхароў Марыюпалю і іншых гарадоў Украіны. Дзейнасьць Аляксея Талая — адзін з эпізодаў у гэтай справы. Згодна з украінскім заканадаўствам, яму пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 8 да 15 гадоў або пажыцьцёвае зьняволеньне.

Цяпер ва Ўкраіну з Расеі змаглі вярнуць 387 дзяцей, у той час як агульная колькасьць незаконна вывезеных дзяцей перавысіла 19 тысяч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG