Лінкі ўнівэрсальнага доступу

FT: У ЗША заявілі, што знайшлі спосаб канфіскаваць замарожаныя актывы Расеі «ў адпаведнасьці зь міжнародным правам»


Заходнія краіны цяпер актыўна вывучаюць спосабы канфіскацыі замарожаных расейскіх актываў на карысьць Украіны, паведамляе газэта Financial Times.

Сьцьвярджаецца, што ў апошнія тыдні ЗША ў прыватных перамовах займаюць больш настойлівую пазыцыю наконт канфіскацыі замарожаных расейскіх актываў. На пасяджэньнях «Вялікай сямёркі» ЗША сьцьвярджаюць, што існуе шлях да канфіскацыі актываў, які «адпавядае міжнароднаму праву».

«Чальцы „Вялікай сямёркі“ і іншыя дзяржавы могуць канфіскаваць актывы Расеі ў якасьці контрмеры, каб заахвоціць Расею спыніць агрэсію», — гаворыцца ў дакумэнце ўраду ЗША, зь якім азнаёмілася газэта.

Афіцыйны прадстаўнік ЗША заявіў Financial Times, што Вашынгтон вядзе актыўныя перамовы наконт выкарыстаньня расейскіх актываў і лічыць, што рашэньне трэба прыняць у кароткія тэрміны. Гэтае пытаньне могуць абмеркаваць на магчымай сустрэчы лідэраў «Вялікай сямёркі», прымеркаванай да другой гадавіны расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.

Адзначаецца, што актывізацыя перамоваў выкліканая тым, што ў апошнія тыдні сарвалася выдзяленьне двух пакетаў фінансавай дапамогі для Ўкраіны на суму больш за 100 мільярдаў даляраў: бо рэспубліканцы ў Кангрэсе ЗША і прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан на саміце Эўразьвязу выступілі супраць фінансаваньня Кіева (14 сьнежня Вугоршчына зноў заблякавала выдзяленьне Эўразьвязам эканамічнай дапамогі Ўкраіне ў памеры 50 мільярдаў эўра).

У заходніх краінах замарожана каля 300 мільярдаў даляраў рэзэрваў Цэнтральнага банка Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG