Міністэрства эканомікі Тайваню паведаміла, што пашырыць абмежаваньні на экспарт некаторых тавараў у Беларусь і Расею. Пад абмежаваньні падпадуць 45 відаў тавараў, забарона на іх экспарт пачне дзейнічаць з 25 студзеня.
У паведамленьні Мінэканомікі Тайваню гаворыцца, што абмежаваньні ўводзяцца «ў мэтах ажыцьцяўленьня міжнароднага супрацоўніцтва і прадухіленьня экспарту высокатэхналягічных тавараў Кітаю ў ваенных мэтах».
«Ня так даўно Эўразьвяз, ЗША і іншыя міжнародныя хаўрусьнікі сабралі абломкі зброі на полі бою ва Ўкраіне і апублікавалі сумесны высокапрыярытэтны сьпіс электронных і мэханічных дэталяў і абсталяваньня, якія шырока выкарыстоўваюцца ў камэрцыйных мэтах і могуць быць выкарыстаныя для вытворчасьці зброі», — адзначае міністэрства.
У студзені 2023 году Тайвань увёў абмежаваньні на экспарт высокатэхналягічнай прадукцыі машынабудаваньня, мэталюргічнай і хімічнай прамысловасьці. Агулам у сьпісе было 52 пазыцыі.
Паўднёвая Карэя таксама вырашыла пашырыць сьпіс тавараў, для экспарту якіх у Расею і Беларусь неабходна атрымліваць спэцыяльны дазвол ураду, да 1159 пазыцый, паведаміла Міністэрства гандлю, прамысловасьці і энэргетыкі Паўднёвай Карэі.
У адпаведнасьці зь пераглядам правілаў гандлю стратэгічнымі таварамі ў новы сьпіс прадметаў, забароненых да пастаўкі, увайшлі 682 найменьні, уключаючы цяжкую будаўнічую тэхніку, акумулятарныя батарэі, авіяцыйныя кампанэнты і іншыя тавары.
Пры гэтым у міністэрстве адзначылі, што могуць дазволіць экспарт тавараў са сьпісу ў «выключных выпадках», але кожны зь іх будзе разглядацца індывідуальна.
Чакаецца, што новыя абмежаваньні пачнуць дзейнічаць на пачатку 2024 году.
У красавіку 2023 году сьпіс паўднёвакарэйскіх тавараў, для экспарту якіх у Расею і Беларусь трэба атрымліваць спэцыяльны дазвол ураду, вырас з 57 да 798 пазыцый. Першыя 57 тавараў былі ўключаныя ў сьпіс у сакавіку 2022 году пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, якое падтрымалі ўлады Беларусі.