Месца для захоўваньня і збыту абсталяваў грамадзянін Расеі ў Вялікалуцкім раёне, «мытнікі накрылі чарговую разгрузку — тры пазадарожнікі і тры мікрааўтобусы былі забітыя скрынкамі зь беларускімі цыгарэтамі „Карона“, „Фэст“, NZ»«, — заявілі ў ведамстве.
Удакладняецца, што «ў складзкіх памяшканьнях апэратыўнікі таксама знайшлі больш за 1,4 тыс. скрыняў з тытунёвай прадукцыяй, падрыхтаванай да аптовага продажу».
Тытунёвыя вырабы сканфіскавалі.
Мытнікі сумежных краін рэгулярна выяўляюць вялікія партыі кантрабандных цыгарэт беларускай вытворчасьці.
8 сьнежня ў Літве цягам дня былі затрыманыя беларускія цыгарэты на суму 1 111 тысяч эўра. Інцыдэнты адбыліся ў пункце пропуску Салечнікі (зь беларускага боку — Беняконі). Спачатку ў тайніку грузавіка, які па дакумэнтах накіроўваўся ў Нідэрлянды, выявілі каля 400 скрыняў кантрабандных беларускіх цыгарэт «Менск Суперсьлім», «NZ Gold», «Queen Menthol» на суму прыкладна 916 тысяч эўра, а затым у іншым грузавіку — 92 скрынкі на суму 195 тысяч эўра.
На пасяджэньні Камітэту нацыянальнай бясьпекі і абароны сейму Літвы 26 красавіка намесьнік кіраўніка Службы аховы дзяржаўнай мяжы Антанас Мантвідас заявіў, што аб’ём нелегальных цыгарэт зь Беларусі не зьмяншаецца, нягледзячы на рэкордную колькасьць перахопленай у 2022 годзе кантрабанды.
Паводле яго слоў, гэта абумоўлена як тым, што «кантрабанда цыгарэт падтрымліваецца беларускім рэжымам», так і «высокім попытам на іх у Эўропе».