Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папа Францішак: «Хрыстус глядзіць не на лічбы, але на твары»


Сьцяг Ватыкана
Сьцяг Ватыкана

«Пане, учыні, каб мы паверылі ў моц Тваёй любові, якая так адрозьніваецца ад моцы сьвету», — заклікаў Папа падчас Імшы ў вігілію Божага Нараджэньня ў базыліцы сьвятога Пятра ў Ватыкане.

На пачатку імшы Францішак адзначыў, што нараджэньне Езуса адбылося ў кантэксьце «сусьветнага перапісу», і Эвангельле паказвае вялікі кантраст: «пакуль імпэратар лічыць жыхароў сьвету, Бог уваходзіць у яго амаль таемна; калі тыя, хто камандуе, спрабуюць далучыцца да вялікіх гістарычных дзеячаў, Кароль гісторыі выбірае шлях малога».

«Нашы сэрцы ў гэты вечар у Бэтлееме, дзе Князь міру ўсё яшчэ адкінуты пройгрышнай лёгікай вайны, з грукатам зброі, якая нават сёньня не дазваляе яму знайсьці месца ў сьвеце», — сказаў пантыфік.

Францішак заўважыў, што перапісы насельніцтва ва ўсім сьвеце выяўляюць занадта чалавечую нітку, якая праходзіць празь гісторыю: нітку сьвету, які імкнецца да ўлады і моцы, вядомасьці і славы, дзе ўсё вымяраецца посьпехам і вынікамі, лічбамі і паказьнікамі.

«Гэта апантанасьць эфэктыўнасьцю», — сказаў ён, паказваючы на Езуса, Які зьяўляецца не ідалам эфэктыўнасьці, а Богам уцелаўленьня.

«Ён зрынае несправядлівасьць ня зьверху сілай, але зьнізу любоўю; Ён не ўваходзіць зь неабмежаванай уладай, але спускаецца ў нашы абмежаваньні; Ён не пазьбягае нашых слабасьцяў, але прымае іх», — заўважыў Сьвяты Айцец.

Ён перасьцярог ад перажываньня Божага Нараджэньня зь язычніцкім вобразам Бога — бог, створаны на наш вобраз, карысны толькі для вырашэньня нашых праблем і ліквідацыі нашых няшчасьцяў. Папа заклікаў адмовіцца ад «мірской ідэі аб далёкім і кантралюючым Богу, суровым і магутным, які дапамагае сваім трыюмфаваць над іншымі».

«Хрыстус глядзіць не на лічбы, але на твары», — сказаў Папа і заахвоціў сваіх слухачоў не паддавацца шалёнаму парыву сьвету, заўсёды занятага і абыякавага.

«У Бэтлееме, у той час як многія людзі, ахопленыя вар’яцтвам перапісу, прыходзілі і сыходзілі, напаўняючы гасьцініцы, размаўляючы пра тое і гэта, некаторыя былі блізкія да Езуса: Марыя і Юзаф, пастухі, а потым мудрацы. Мы вучымся ў іх. Яны стаяць з позіркам, скіраваным на Езуса, сэрцам зьвернутым да Яго. Яны не гавораць, але аддаюць пашану», — зьвярнуў увагу пантыфік.

«У гэтую ноч любоў перамяняе гісторыю», — сказаў на заканчэньне сваёй гаміліі Францішак і заклікаў: «Учыні, Пане, каб мы паверылі ў моц Тваёй любові, якая так адрозьніваецца ад сілы сьвету. Учыні, каб мы, як Марыя, Юзаф, пастухі і мудрацы, сабраліся вакол Цябе, каб ушаноўваць Цябе. Празь Цябе, прыпадобніўшыся да Цябе, мы зможам сьведчыць сьвету пра прыгажосьць твайго аблічча».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG