Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бялградзе пасьля беспарадкаў каля гарадзкой адміністрацыі затрымалі больш за 30 чалавек


Спроба штурму адміністрацыі Бялграду, унутры забарыкадавалася жандармэрыя
Спроба штурму адміністрацыі Бялграду, унутры забарыкадавалася жандармэрыя

У Сэрбіі за тыдзень ня толькі не сьціхаюць, але яшчэ больш распальваюцца пратэсты супраць вынікаў выбараў.

Больш за 30 дэманстрантаў затрыманыя ў цэнтры Бялграду пасьля інцыдэнтаў на сёмай акцыі пратэсту з патрабаваньнем скасаваньня афіцыйных вынікаў выбараў у Сэрбіі. Дзясяткі паліцыянтаў у экіпіроўцы і жандармэрыя выціснулі дэманстрантаў з цэнтру Бялграду позна ўвечары 24 сьнежня і разьмясьціліся вакол ключавых устаноў сталіцы, у тым ліку Скупшчыны гораду, парлямэнту, канцылярыі прэзыдэнта і штабу Рэспубліканскай выбарчай камісіі.

Канфлікт паміж паліцыяй і часткай дэманстрантаў пачаўся перад Скупшчынай Бялграду. Частка людзей у масках захацела трапіць усярэдзіну, паліцыянты ўжылі сьлезацечны і пярцовы газ. Моцныя сілы паліцыі ўнутры мэрыі не дазволілі прарвацца ў будынак, паведамляе Балканская служба Радыё Свабода.

Некалькі тысяч грамадзян сабраліся ў цэнтры гораду сёмую ноч запар на запрашэньне найбуйнейшай апазыцыйнай кааліцыі «Сэрбія супраць гвалту». Прычына — заявы апазыцыі аб «крадзяжы» выбараў кіроўнай Сэрбскай прагрэсіўнай партыяй (СНС) на выбарах 17 сьнежня, прадстаўнікі кіраўніцтва дзяржавы фальсыфікацыі адмаўляюць.

Прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч заявіў, што затрыманыя 35 удзельнікаў пратэсту, і сказаў, што ўсіх прыцягнуць да адказнасьці. Ён таксама сказаў, што двое паліцыянтаў атрымалі цяжкія раненьні, некалькі — лёгкія. Ён абвінаваціў апазыцыю ў спробе гвалтоўнага захопу дзяржаўных установаў.

З іншага боку, прадстаўнікі кааліцыі «Сэрбія супраць гвалту» абвінавачваюць урад у гвалце падчас разгону пратэстаў грамадзян.

Кандыдат ад апазыцыі ў мэры Бялграду і прадстаўнік часовага органу гораду Ўладзімір Абрадавіч заявіў тэлеканалу N1, што паліцыя не пускала іх на «працоўныя месцы».

«Адна цывільная ўстанова ў горадзе была занятая паліцыяй. Мы маем права туды ўвайсьці як прадстаўнікі апазыцыі», — сказаў Абрадавіч.

Натоўп у некалькі тысяч на плято перад ратушай крычаў «Перамога, перамога», «Перамогі не аддамо» і «Заходзьце, заходзьце».

«Гэтыя выбары ануляваныя», — заявіла перад будынкам выбарчай камісіі ўдзельніца кампаніі «Сэрбія супраць гвалту» Марыніка Тэпіч, якая з 18 сьнежня трымае галадоўку ў штаб-кватэры выбарчай камісіі.

Дэпутат ад апазыцыі Аляксандар Ёванавіч Чута заявіў дэманстрантам, што будзе адстойваць іх выбарчую волю «да канца».

На акцыі дэманстранты несьлі транспаранты, сьцягі Сэрбіі і Эўразьвязу. Падчас акцыі яны карысталіся сьвісткамі і неаднаразова крычалі «злодзеі, злодзеі» ў адносінах да ўлады.

Дзяржаўнае кіраўніцтва і кіроўная Сэрбская прагрэсіўная партыя адхіляюць крытыку, якая, акрамя кааліцыі «Сэрбія супраць гвалту», зыходзіць з боку ўнутраных і замежных назіральнікаў і афіцыйных асоб.

Грамадзяне Сэрбіі галасавалі 17 сьнежня на парлямэнцкіх, правінцыйных і мясцовых выбарах у 65 гарадах і муніцыпалітэтах, у тым ліку ў Бялградзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG