Паводле інфармацыі «Белсату», уначы ў чацьвер у дамы работнікаў Музэю традыцыйнай культуры прыйшоў АМАП. Сярод затрыманых — загадчыца музэю Элеанора Зінкевіч, ейны муж, а таксама іншыя працаўнікі ўстановы.
У дамах усіх работнікаў быў учынены «дасканалы ператрус», падчас якога знайшлі кнігі па гісторыі Беларусі, а таксама сканфіскавалі стары дакумэнт з пячаткаю, на якой выяўленая Пагоня.
Некаторых працаўнікоў ужо адпусьцілі, некаторыя, разам з дырэктаркаю, застаюцца ў міліцыі.
Прычынаў затрыманьня не паведамляюць.
У праграме выставы «Калядныя ўзоры» значылася батлейка «Цар Ірад», майстар-клясы, выстава вінтажных навагодніх цацак. Паведамляюць, што на выставу прыйшло шмат людзей, таму яе пастанавілі не адмяняць, нягледзячы на тое, што работнікаў музэю не было на месцы.