Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат вырашыў патраціць сотні тысяч рублёў на «абарону ад дронаў»


Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат, архіўнае фота
Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат, архіўнае фота

Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат, сумнавядомы шматлікімі скаргамі на яго з боку мясцовых жыхароў і шэрагам трагічных здарэньняў на прадпрыемстве, вырашыў закупіць абсталяваньне па абароне ад дронаў, заўважыў «Флагшток».

Тэндэр на закупку «камплекту абсталяваньня супрацьдзеяньня БПЛА» зьявіўся 18 сьнежня 2023 году. Агульны арыенціровачны кошт — 700 тысяч рублёў. У яе ўваходзяць пастаўка камплекту, мантаж, пусканаладачныя работы і навучаньне пэрсаналу камбіната.

У Сьветлагорскім ЦКК сьцьвярджаюць, што сыстэма абароны ад дронаў неабходная «для павышэньня ўзроўню абароненасьці, даступнасьці і бесьперапыннасьці тэхналягічных працэсаў». Згодна з тэндэрам, далёкасьць выяўленьня дронаў павінна складаць ня менш за 2 кілямэтры, а далёкасьць падаўленьня каналаў сувязі — ня менш за 1 кілямэтар.

Прадпрыемства чакае прапановаў як ад рэзыдэнтаў, так і ад нерэзыдэнтаў Беларусі да 27 сьнежня, абсталяваньне павінна паступіць да 31 жніўня 2024 году. Яго вытворцам павінны быць толькі краіны Эўразійскага эканамічнага саюзу (Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Расея), але ўказаныя і «валюты плацяжу для нерэзыдэнтаў ЭАЭС — расейскі рубель або кітайскі юань».

  • Пасьля нападу на расейскі самалёт у Мачулішчах закупіць сыстэму назіраньня за бесьпілётнікамі вырашыў Мазырскі НПЗ. Завод гатовы быў аддаць за абсталяваньне значна больш — 1,7 мільёна рублёў. Цяпер на старонцы тэндэру пазначана, што працэдура закупкі адмененая.
  • Указам Лукашэнкі «Аб дзяржаўным уліку і эксплюатацыі цывільных бесьпілётных лятальных апаратаў» ад 25 верасьня 2023 году фізычным асобам забаранілі ўвоз, эксплюатацыю і выраб дронаў, а праз паўгода з моманту апублікаваньня (з 25 сакавіка 2024 году) — і іх захоўваньне і абарачэньне.
  • Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат сумнавядомы шматлікімі скаргамі на яго з боку мясцовых жыхароў і шэрагам трагічных здарэньняў на прадпрыемстве.
  • Мясцовыя жыхары скардзяцца на смурод ад камбінату і кепскае самаадчуваньне ад бруднага паветра з 2017 году. У Сьветлагорску ўтварылася экалягічная ініцыятыўная група, якая займалася праблемамі заводу. Актывісты напісалі чыноўнікам больш за сотню скаргаў. Смурод ад заводу мясцовыя жыхары адчуваюць і цяпер.
  • У кастрычніку 2023 году Сьветлагорскі ЦКК пакаралі за шкоду, нанесеную навакольнаму асяродзьдзю, штрафам у 3 341 758,02 рублі штрафу плюс 33 417,58 рублі дзяржаўнай пошліны.
  • Па выніках 2020 году Сьветлагорскі ЦКК увайшоў у тройку самых стратных акцыянэрных таварыстваў Гомельскай вобласьці. Апошняя фінансава-эканамічная справаздача са Сьветлагорскага цэлюлёзна-кардоннага камбінату датуецца 2021 годам. Паводле яе, завод у 2021 годзе меў прыбытак на 9 мільёнаў рублёў пры доўгатэрміновых даўгах на 2,3 мільярда рублёў і непакрытых стратах у 517 мільёнаў.
  • З 2020 году на заводзе загінулі сама меней пяць чалавек, каля дзесяці атрымалі розныя траўмы. У выніку апошняга выбуху на Сьветлагорскім ЦКК 7 чэрвеня 2023 году тры чалавекі загінулі, чацьвёра атрымалі раненьні.
  • Пасьля аварыі 7 чэрвеня першым пра яе напісала мясцовае выданьне «Ранак». На здымках выданьня было бачна, як з заводу выцякала атрутная вадкасьць — чорны шчолак.Праз два дні па 9 супрацоўнікаў выданьня прыйшла міліцыя. Сайт выданьня заблякавалі, сацсеткі прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Пазьней «экстрэмісцкім фармаваньнем» стаў увесь «Ранак». У сьнежні журналісты выданьня трапілі пад крымінальны перасьлед.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG