Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод вырашыў закупіць сыстэму назіраньня за бесьпілётнікамі. Адпаведны тэндэр на сайце дзяржзакупак заўважыла рэгіянальнае выданьне «Флагшток».
Мэта закупкі сыстэмы — маніторынг палётаў бесьпілётнікаў, якія «пагражаюць бесьперапыннасьці тэхналягічных працэсаў» на МНПЗ.
Паводле ўмоваў тэндэру, Мазырскі НПЗ гатовы аддаць 1,7 млн беларускіх рублёў (каля 600 тысяч даляраў) за сыстэму, якая зможа знаходзіць бесьпілётнікі пры дапамозе аптычных, лязэрных, радыёлякацыйных тэхналёгіяў. Сыстэма таксама павінна ўмець знаходзіць месца разьмяшчэньня пульта бесьпілётніка.
У закупцы не тлумачыцца, што плянуюць рабіць са знойдзенымі дронамі.
- 26 лютага 2023 году ByPol і лідэры апазыцыі ў выгнаньні паведамілі, што расейскі самалёт далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня і кіраваньня А-50У быў пашкоджаны ў выніку атакі бесьпілётнікаў на авіябазу ў Мачулішчах.Група ByPol паведаміла пра два выбухі і пашкоджаньне пярэдняй і сярэдняй частак А-50, а таксама антэны радара.
- Паводле ByPol, удзельнікі пляну «Перамога» скарысталі для дывэрсіі бесьпілётнікі кампаніі DJI, саматужна пераабсталяваўшы іх у дроны-камікадзэ.
- 2 сакавіка «Беларускі Гаюн» паведаміў, што расейскі самалёт далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня і кіраваньня А-50У з рэгістрацыйным нумарам RF-50608 вылецеў у Расею. Як даведаліся журналісты, самалёт прыляцеў на Таганроскі авіяцыйны навукова-тэхнічны комплекс імя Г. М. Берыева, які займаецца аднаўленьнем падобнай тэхнікі.
- Роля самалёта А-50 — ствараць пазнавальную карціну паветранай абстаноўкі і забясьпечваць каардынацыю дзеяньняў зьнішчальнікаў.
- Нягледзячы на тое, што пашкоджаньні афіцыйна не пацьверджаныя, брытанская выведка адзначае, што страта А-50 была б значнай для РФ, бо самалёт мае вырашальнае значэньне для расейскіх паветраных апэрацый у стварэньні карціны паветранай прасторы.