Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы міністар замежных спраў Польшчы выказаў салідарнасьць са зьняволеным журналістам Пачобутам


Анджэй Пачобут. Ілюстрацыйная выява
Анджэй Пачобут. Ілюстрацыйная выява

20 сьнежня спаўняецца 1000 дзён, як палітзьняволены Анджэй Пачобут знаходзіцца за кратамі. З гэтай нагоды рэдакцыя «Газэты Выборчай», дзе ён працаваў, зноў запатрабавала ад уладаў Беларусі вызваліць журналіста.

«Чарговыя Каляды наш беларускі карэспандэнт правядзе за кратамі. Мы верым, што Анджэй хутка будзе на волі», — напісаў новапрызначаны міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі ў «Газэце Выборчай». Міністар замежных спраў Польшчы таксама адзначыў:

«Анджэй — журналіст, юрыст, папулярызатар гісторыі, актывіст Саюзу палякаў у Беларусі — знаходзіцца ў турме, бо хацеў, каб яго краіна была свабоднай. І ў выніку стаў асабістым ворагам прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. За гэта яго асудзілі на 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Анджэй Пачобут — паляк у Беларусі — патрыёт сваёй беларускай краіны, які спалучае лепшае з нашай агульнай спадчыны. Для ўсіх нас ён стаў сымбалем незалежнага духу і веры ў ідэю свабоды. Ён сядзіць у турме, бо яго баіцца рэжым Лукашэнкі. Тое, што гэты шанавальнік польскай і беларускай культуры, які апявае нашу пераплеценую гісторыю, быў асуджаны, між іншым, за распальваньне нацыянальнай варожасьці, — гэта злоба аўтакратаў».

Радаслаў Сікорскі
Радаслаў Сікорскі

«Мы верым, што Анджэй хутка будзе на волі, бо, як ён сам сказаў: „нічога дрэннага не рабіў, закон не парушаў, нікуды не ўцячэ і дома“», — напісаў Радаслаў Сікорскі.

Беларускага карэспандэнта «Газэты Выборчай» Анджэя Пачобута арыштавалі 25 сакавіка 2021 году на хвалі рэпрэсій пасьля здушэньня некалькі месяцаў раней рэжымам Аляксандра Лукашэнкі рэвалюцыі годнасьці. Цяпер журналіст у зьняволеньні. Улады, каб зламаць Анджэя, адразу па прыбыцьці ў калёнію кінулі яго ў карцар, нядаўна зноў абмежавалі права пісаць лісты і атрымліваць пасылкі. Нягледзячы на кепскі стан здароўя, яму не даюць лекаў.

Рэдакцыя «Gazeta Wyborcza» патрабуе ад беларускіх уладаў неадкладна вызваліць іхнага калегу:

«Мы ўвесь час просім польскія ўлады, міжнародныя арганізацыі і ўсю дэмакратычную супольнасьць аказаць ціск на Беларусь у справе Анджэя. Каб пра Анджэя не забывалі».

Адам Міхнік, галоўны рэдактар «Gazeta Wyborcza», якая друкавала артыкулы Анджэя Пачобута, напісаў, што зь яго глядзіць «гонар і высакароднасьць даўніх палякаў».

«Я б яшчэ дадаў слова „непахіснасьць“», — сказаў Міхнік.

З заклікам вызваліць Анджэя Пачобута зьвярнуліся Сэйм і Сэнат Польшчы, Эўрапарлямэнт і інстытуты Эўразьвязу. Гэтага дамагаецца МЗС Польшчы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG