Пра гэта «Люстэрку» паведамілі сваякі падсьледных. Як расказалі блізкія, крытэрыі, па якіх вызначаюць тых, каго будуць пераводзіць, невядомыя. Некаторыя радыя пераводу, бо разьлічваюць, што ў новым корпусе будзе лепш. Іншыя баяцца таго, што ў новым будынку яшчэ ня ўсё гатова, і хвалююцца за бытавыя ўмовы.
Будаўніцтва шпіталя і СІЗА для зьняволеных пачалося ў Калядзічах яшчэ ў 2010 годзе. Першапачаткова адкрыцьцё плянавалі ў 2015 годзе, аднак у 2013 годзе выявілі факты хабарніцтва і раскраданьня будматэрыялаў, таму тэрміны перанесьлі на 2020 год. У 2018 годзе тэрміны зноў перанесьлі — ужо на 2022 год.
У сьнежні 2020 году Onliner.by паведамляў, што самы завершаны выгляд на той момант мелі шпіталь і інтэрнат для будучых работнікаў, а ў будынка ізалятара была самая нізкая гатоўнасьць. Два карпусы, якія павінны былі яшчэ зьявіцца, будаваць нават не пачыналі. 16 чэрвеня 2021 года выйшаў новы ўказ, паводле якога шпіталь павінны былі здаць у 2021 годзе, а СІЗА — у 2023-м.
Пасьля пераезду «Валадаркі» ў Калядзічы, Пішчалаўскі замак, у якім разьмяшчаецца цяперашні менскі сьледчы ізалятар, аддадуць гораду. Чакаецца, што пасьля гэты гістарычны аб’ект адрэстаўруюць.