У лістападзе Маладачанскі раённы суд прызнаў Аляксандра Манцэвіча вінаватым паводле ч.1 артыкулу 369 Крымінальнага кодэксу ў «распаўсюдзе зьвестак, якія дыскрэдытуюць Беларусь» і прысудзіў яму 4 гады зьняволеньня. Аляксандар Манцэвіч віны не прызнаў і цяпер у Баранавічах чакае разгляду апэляцыйнай скаргі. Пра ўмовы, у якіх апынуўся былы галоўны рэдактар, Свабодзе расказала дасьведчаная крыніца.
«Зь лістоў ведаем, што ў камэры 8 чалавек. Гэта лепш, чым 12, як было ў Жодзіне. Быў прастыў, кашляў, але потым паведаміў, што пачуваецца лепей. Атрымлівае прадуктовыя перадачы. Усяму вітаміннаму рады», — кажа суразмоўца.
Пакуль не вядома, ці выводзяць Аляксандра Манцэвіча на прагулкі.
«Гуляе ў даміно. Кажа, што бібліятэка працуе добра, тое, што просіць, прыносяць. Раней, яшчэ як быў у Жодзіна, на сьнежань яму выпісалі газэту „Звязда“, але яго перавялі ў Баранавічы і перанакіраваць яе не атрымалася».
Аляксандра Манцэвіча затрымалі 15 сакавіка пасьля вобшуку ў ягоным доме. Разгляд апэляцыйнай скаргі Манцэвіча на прысуд адбудзецца пасьля Новага году.
Аляксандру Манцэвічу 60 гадоў, ён жыве ў Вілейцы. «Рэгіянальная газэта», якую Манцэвіч заснаваў і ўзначальваў, выходзіла з 1995 па 2021 год. Сёлета, 10 сьнежня, у міжнародны Дзень правоў чалавека галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газэты» быў уганараваны Прэміяй беларускай праваабарончай супольнасьці ў намінацыі «Журналіст году – 2023».
Праваабаронцы прызналі Аляксандра Манцэвіча палітвязьнем.