Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Забілі, сядзіць або залёг на дно». Што з добраахвотнікам-беларусам Ігарам Кляўко, які да вайны сядзеў у ізалятары Марыюпалю


Ігар Кляўко да арышту і ўтрыманьня ў Марыюпальскім ізалятары, архіўнае фота 2017 году
Ігар Кляўко да арышту і ўтрыманьня ў Марыюпальскім ізалятары, архіўнае фота 2017 году

Свабода спрабавала высьветліць лёс і цяперашняе месца знаходжаньня беларуса, якія ваяваў на баку Ўкраіны.

Грамадзянін Беларусі Ігар Кляўко ваяваў на баку Ўкраіны ў першых добраахвотніцкіх батальёнах, якія ўтварыліся ў 2014-м, адразу пасьля таго, як Расея пачала ваенныя дзеяньні ў Данецкай і Луганскай абласьцях.

Свабода спрабавала высьветліць лёс і цяперашняе месца знаходжаньня беларуса, якія ваяваў на баку Ўкраіны.

Што вядома пра Ігара Кляўко

Беларус ваяваў пад пазыўным «Леў» у батальёне «Данбас» і добраахвотніцкім украінскім корпусе «Правы сэктар». Ён прайшоў Арцёмаўск, Папасную, Лісічанск, Ілавайск і Пяскі — амаль усе гарачыя пункты антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе да таго моманту, як добраахвотніцкія батальёны распусьцілі або падпарадкавалі Ўзброеным сілам Украіны.

Ігар Кляўко (на здымку з барадой, за шклом у клетцы) на кожным пасяджэньні суду заяўляў аб сваёй невінаватасьці і незаконным утрыманьні пад вартай. Так ён выглядаў у ліпені 2021-га
Ігар Кляўко (на здымку з барадой, за шклом у клетцы) на кожным пасяджэньні суду заяўляў аб сваёй невінаватасьці і незаконным утрыманьні пад вартай. Так ён выглядаў у ліпені 2021-га

У лютым 2017 году, на другі дзень пасьля апэрацыі на параненай назе, яго затрымалі ў Ірпенскім вайсковым шпіталі пад Кіевам і вывезьлі ў ізалятар Марыюпаль. Ігара ўзялі пад варту праз падазрэньні ў выкраданьні чалавека, наўмысным забойстве і бандытызьме.

Ігар Кляўко, які ўвесь час адмаўляў сваю датычнасьць да злачынства, знаходзіўся ў Марыюпальскім ізалятары і ў той час, калі Расея ў лютым 2022-га ўварвалася ва Ўкраіну і ўрэшце захапіла Марыюпаль.

Празь месяц пасьля пачатку вайны інфармацыі з ізалятараў ужо не было

У сакавіку 2022 году Міністэрства юстыцыі Ўкраіны паведаміла аб страчанай сувязі з двума сьледчымі ізалятарамі ў Марыюпалі, у адным зь іх на той момант знаходзіўся Ігар Кляўко. Гэта Свабодзе пацьвердзіла начальніца ўпраўленьня дакумэнтальнага і адміністрацыйна-гаспадарчага забесьпячэньня Дэпартамэнту выкананьня крымінальных пакараньняў Алена Ляўковіч.

«Цяпер сувязь з установай страчаная. Даць інфармацыю пра Кляўко І.Ю. немагчыма. Разам з тым інфармуем, што эвакуацыя асобаў, якія станам на 24 лютага 2022 году ўтрымліваліся ў дзяржаўнай установе „Марыюпальскі сьледчы ізалятар“, не ажыцьцяўлялася», — адзначыла Алена Ляўковіч.

Пасьля страты кантролю над Марыюпалем горад уключылі ў пералік тэрыторый, часова акупаваных Расеяй.

Першыя ў ізалятары і калёніі заходзілі кадыраўцы

Колішнія вайскоўцы, якія ваявалі з Ігарам Кляўко, расказалі Свабодзе, што пасьля адыходу ўкраінскіх войскаў з Марыюпалю на тэрыторыю сьледчага ізалятару ўварваліся кадыраўцы, яны закідвалі ў памяшканьні шумавыя гранаты і стралялі ў паветра, а потым нібыта расстралялі тых, хто ваяваў падчас антытэрарыстычнай апэрацыі і трапіў у СІЗА за крымінальныя злачынствы.

Украінскія праваабаронцы пакуль не пацьвярджаюць гэтай інфармацыі. Адны зь іх сьцьвярджаюць, што ўсіх зьняволеных адразу вывезьлі з Марыюпалю на тэрыторыю Расеі, а іншыя кажуць, што ў Луганск ці Данецк. Але пацьвярджаюць той факт, што кадыраўцы першыя зьявіліся ў памяшканьнях ізалятару.

Каардынатар праграм Харкаўскай праваабарончай групы Андрэй Дзідзенка сьцьвярджае, што ўсіх вывезьлі ў Расею
Каардынатар праграм Харкаўскай праваабарончай групы Андрэй Дзідзенка сьцьвярджае, што ўсіх вывезьлі ў Расею

«Мы гэтага ня ведаем дакладна. Але ёсьць інфармацыя зь некалькіх крыніц, што ўсіх зьняволеных, якія там знаходзіліся, вывезьлі ў Расею. Я маю зьвесткі, што іх вывезьлі», — сказаў Свабодзе каардынатар праграм Харкаўскай праваабарончай групы Андрэй Дзідзенка.

Ён першым у сярэдзіне сакавіка 2022 году апублікаваў відэазапіс, на якім можна пабачыць, як колішнія зьняволеныя (пэўна, мусульмане) дзякуюць «прадстаўнікам чэчэнскага народу за вызваленьне».

Харкаўскі праваабаронца кажа, што чуў аб справе Ігара Кляўко, але ня мае інфармацыі пра ягоны цяперашні лёс.

«Разумееце, інфармацыя пра ўсіх людзей, калі іх перавозяць у Расею, недаступная, і па іх працаваць вельмі цяжка. Вось, напрыклад, у нас ёсьць калега-праваабаронец і журналіст Максім Буткевіч (ён шмат дапамагаў беларускім уцекачам ва Ўкраіне ў пытаньнях абароны і легалізацыі. — РС), якога асудзілі ў так званай „ЛНР“ на 13 гадоў зьняволеньня і вывезьлі ў Расею. Цяпер месца яго знаходжаньня невядомае. Мы спрабавалі падключыць адвакатаў у Расеі, але не змаглі вызначыць месца ягонага цяперашняга знаходжаньня», — патлумачыў Андрэй Дзідзенка.

Расстрэлы ў ізалятарах ня мелі масавага характару

Харкаўскі праваабаронца дадаў, што факты расстрэлу расейцамі ўкраінскіх зьняволеных у ізалятарах былі адзінкавыя.

«Тое, што расстрэлы ў такіх установах былі, гэта факт, але яны не былі масавымі. Напрыклад, калі „оркі“ заскочылі ў Херсонскае СІЗА, там яны застрэлілі аднаго чалавека. Але гэта было хутчэй для запалохваньня, каб паказаць, хто цяпер камандуе», — патлумачыў Андрэй Дзідзенка.

Алег Цьвілы, кіраўнік грамадзкай арганізацыі «Захист в'язнів України», сьцьвярджае, што масавых расстрэлаў у ізалятарах не было
Алег Цьвілы, кіраўнік грамадзкай арганізацыі «Захист в'язнів України», сьцьвярджае, што масавых расстрэлаў у ізалятарах не было

Алег Цьвілы, кіраўнік грамадзкай арганізацыі «Захист в’язнів України» («Абарона вязьняў Украіны»), якая займаецца правамі асуджаных і зьняволеных, паведаміў, што і ў Марыюпалі таксама адбыўся паказальны расстрэл.

«У Марыюпале расстралялі крымінальнага аўтарытэта па мянушцы „Абхаз“, які абурыўся неапраўданым гвалтам з боку кадыраўцаў. Гэта было паказальнае пакараньне, але ён ня быў колішнім вайскоўцам. Яны яго застрэлілі і ўсіх пазаганялі ў камэры», — расказаў Алег Цьвілы.

Паводле яго, інфармацыя з Марыюпальскага СІЗА вельмі абрывачная і недастатковая, каб рабіць нейкія дакладныя высновы.

Пятро Андрушчанка, дарадца мэра Марыюпалю, таксама лічыць малаімаверным масавы расстрэл расейцамі марыюпальскіх зьняволеных.

«Калі б такое было, то пра гэта пачулі б усе і адразу. Але што там адбывалася? Мы бачым, што тыя людзі, якіх абвінавачвалі ў забойствах, яны цяпер на свабодзе. Але што і як было? Ведаем, што там была „бітва“ за крымінальны ўплыў, а пасьля таго, як стала зразумела, хто кіруе крымінальным сьветам у Марыюпалі, пачалі зьяўляцца некаторыя „таварышы“ зь СІЗА на людзях. Таму, папраўдзе, што там адбылося дакладна, ніхто ня ведае», — расказаў Пятро Андрушчанка.

Перад захопам у ізалятары ўтрымлівалі 345 чалавек

У Дзяржаўным бюро расьсьледаваньняў паведамілі, што ў Марыюпальскім ізалятары, дзе на момант захопу кадыраўцамі знаходзіліся 345 зьняволеных, адбыўся бунт. Ён меў усе шанцы на посьпех, але адзін з супрацоўнікаў СІЗА апэратыўна паведаміў аб ім расейцам, і бунт спынілі «сілай».

Паводле матэрыялаў справы, заведзенай ва Ўкраіне супраць здрадніка, зьняволеныя, якія пагадзіліся падтрымаць акупацыйны рэжым, выйшлі на волю. Лёс іншых невядомы.

Крымінальныя справы ў момант захопу Марыюпалю засталіся ў судах

Гэта пацьвердзіў і Пятро Андрушчанка. Паводле яго, усе зьняволеныя, якія не захацелі пайсьці на службу ў расейскую армію, засталіся адбываць пакараньне на падставе ўжо вынесеных выракаў.

Пятро Андрушчанка, дарадца мэра Марыюпалю: крымінальных справаў не пасьпелі вывезьці
Пятро Андрушчанка, дарадца мэра Марыюпалю: крымінальных справаў не пасьпелі вывезьці

«Тых, якія мелі толькі абвінавачаньне, але яшчэ не былі асуджаныя, пераважна павыпускалі. Прынамсі, тых, у каго яшчэ не было выракаў», — сказаў ён.

Пятро Андрушчанка не выключае, што сярод вызваленых расейцамі мог быць і Ігар Кляўко (вырак яму цягам амаль 7 гадоў так і не абвясьцілі. — РС), нягледзячы на тое, што, па сутнасьці, у 2014–2015 гадах ён ваяваў супраць Расеі на Данбасе.

«Ён (Ігар Кляўко) ужо мусіў недзе „ўсплыць“. Але што зь ім? Ёсьць тры варыянты — ён або сядзіць, або яго забілі, або ён недзе, як той казаў, залёг на дно. А можа нават, вярнуўся ў Беларусь. Цяпер такія часы, што нельга быць упэўненымі ні ў чым. Я скажу так, без прывязкі да якога-небудзь прозьвішча. Я ведаю людзей, якія ваявалі ў АТА з 2014 году, яны вэтэраны АТА, а цяпер ціха жывуць там у акупацыі. Там вельмі складана і нельга ісьці па шаблёнах. Ёсьць розныя гісторыі, і чаму так, я ня маю адказу. Нехта пакаяўся, нехта схаваўся. Таму магчыма ўсё, і трэба з гэтага зыходзіць», — перакананы Пятро Андрушчанка.

Паводле яго, на момант пачатку вайны ўсе крымінальныя справы заставаліся ў Марыюпалі — у судах і пракуратуры. «Я ня чуў, каб вывозілі крымінальныя справы. Там, у прынцыпе, не пасьпелі вывезьці тое, што трэба было абавязкова вывезьці. Магчыма, справы засталіся ў судах; магчыма, некаторыя згарэлі ці зьніклі. Магло адбыцца што заўгодна».

«Шмат судзьдзяў засталіся ў акупацыі і перайшлі на бок акупантаў»

Пятро Андрушчанка кажа, што Ільлічоўскі раённы суд Марыюпалю, дзе слухалі справу Ігара Кляўко, неістотна пацярпеў ад расейскіх абстрэлаў. Але большая частка судзьдзяў, якія працавалі ў марыюпальскіх судах, перайшлі на бок расейцаў.

Але ня тыя судзьдзі, якія разглядалі справу беларуса.

Напрыклад, Тацяна Пуставойт цяпер працуе судзьдзёй Уладзімір-Валынскага суду, а Ала Іванчанка — Церабаўлянскага раённага суду Цярнопальскай вобласьці. Пракурора Марыюпальскага вайсковага гарнізону Міколу Сласьціна, які падтрымліваў абвінавачаньне Ігара Кляўко ў судзе, з 2014 году абвясьцілі ў вышук у так званай «ДНР» за тое, што той «добраахвотна ўступіў у карны падразьдзел» пракуратуры Марыюпалю.

На адным з апошніх пасяджэньняў перад вайной судзьдзі Тацяна Пуставойт і Ала Іванчанка падоўжылі Ігару Кляўко тэрмін знаходжаньня пад вартай. Ліпень 2021
На адным з апошніх пасяджэньняў перад вайной судзьдзі Тацяна Пуставойт і Ала Іванчанка падоўжылі Ігару Кляўко тэрмін знаходжаньня пад вартай. Ліпень 2021

Цяпер функцыі Ільлічоўскага раённага суду Марыюпалю, які разглядаў справу Ігара Кляўко, выконвае Кіраўскі раённы суд горада Дніпро. З раскладу яго пасяджэньняў вынікае, што пракурор Мікола Сласьцін захаваў свае паўнамоцтвы і цяпер у гэтым судзе хадайнічае аб аднаўленьні «страчаных вядзеньняў». Адна з такіх крымінальных спраў — аб самавольным пакіданьні вайсковай часткі або месца службы.

Пракурор Марыюпальскага вайсковага гарнізону Мікола Сласьцін, які падтрымліваў дзяржаўнае абвінавачаньне Ігара Кляўко, цяпер займаецца аднаўленьнем страчаных спраў
Пракурор Марыюпальскага вайсковага гарнізону Мікола Сласьцін, які падтрымліваў дзяржаўнае абвінавачаньне Ігара Кляўко, цяпер займаецца аднаўленьнем страчаных спраў

Вядома, напрыклад, што Кіраўскі раённы суд Дніпра ўжо аднавіў вядзеньне адной рэзананснай справы — аб забойстве ў 2011 годзе ў Марыюпалі «аўтарытэтнага» бізнэсоўца поўдня Данеччыны Валерыя Сгары, вядомага ў крымінальным сьвеце як «Саран». Украінскія СМІ паведамлялі, што суд аднавіў нават страчаныя ў выніку расейскай акупацыі Марыюпаля 18 тамоў гэтай крымінальнай справы. Яе таксама разглядалі судзьдзі Тацяна Пуставойт і Ала Іванчанка. Але падазраваны ў забойстве загадкава зьнік з Марыюпальскага ізалятару вясной 2022 году, адразу пасьля расейскай акупацыі гораду.

Адвакатка, якая абараняла інтарэсы Ігара Кляўко ў судзе, змагла эвакуавацца з Марыюпалю ў сакавіку 2022 году і цяпер знаходзіцца за межамі Ўкраіны. Пра лёс падабароннага яна нічога ня ведае.

Бацька Кляўко не дачакаўся пэўнай інфармацыі аб лёсе свайго сына

Кацярына Серыкава, адвакатка яшчэ аднаго фігуранта гэтай справы Віктара Камінскага, паведаміла Свабодзе, што абвінавачаньне пакуль не падавала заявы аб аднаўленьні вядзеньня справы Ігара Кляўко. Але яна кажа, што пэўнай інфармацыі аб цяперашнім лёсе Ігара Кляўко няма.

«Я не была адвакатам Ігара Кляўко. Спадзяюся, што ён жывы. Я кантактавала з сакратаром судовага пасяджэньня, я яе пыталася праз Viber, таму што мяне цікавіў менавіта лёс Кляўко. Яна засталася на акупаванай тэрыторыі, але не паведаміла, ці працуе яна ў судзе ўжо акупацыйнай улады. Але яна сказала: „Не выдумляйце, усё там добра з Кляўко, усе яны сядзяць, нікога там не расстралялі“. Але як ёсьць насамрэч, я гэтага ня ведаю. Адзінае, што я пасьпела бацьку Кляўко перадаць інфармацыю пра тое, што ён, магчыма, не расстраляны, а жывы. А бацька цягам невялікага часу пасьля гэтага памёр. Спадзяюся, бацька памёр з думкай, што ягоны сын жывы», — паведаміла Кацярына Серыкава.

Адвакатка паведаміла, што яе падабаронны Віктар Камінскі цяпер ваюе ў складзе Ўзброеных сіл Украіны. Аднаўленьне гэтай справы яна лічыць малапэрспэктыўным.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG