У Бэльгіі замарожана 50 млрд эўра, Люксэмбург на другім месцы па суме замарожаных расейскіх актываў — 5,5 млрд эўра. Па дадзеных выданьня, на гэтыя краіны разам з Італіяй, Нямеччынай, Ірляндыяй, Аўстрыяй і Францыяй прыпадае больш за 90% замарожаных актываў.
У згаданую суму ўключаны і нацыянальныя рэзэрвы Расеі, аднак у атрыманым рэдакцыяй дакумэнце прыводзіцца толькі прыблізная лічба ў 33,8 млрд эўра з указаньнем, што «ацэнка гэтай сумы працягваецца, таму не падлягае цытаваньню».
ЗША, ЭЗ і іншыя краіны ўвялі санкцыі і замарозілі актывы Расеі і расейскіх алігархаў пасьля поўнамаштабнага ўварваньня РФ ва Ўкраіну. Улетку Міністэрства фінансаў ЗША заявіла аб блякаваньні актываў расейскіх алігархаў і Цэнтрабанку РФ на суму больш як 330 млрд даляраў.
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн казаў, што амэрыканскія ўлады прымуць меры ў дачыненьні да расейскіх алігархаў. «Мы зробім усё, каб пазбавіць іх гэтых грошай, якія яны назапасілі, іх раскошныя дамы, нерухомасьць — тое, што належыць пуцінскай клептакратыі, — сказаў ён. — Мы зробім усё, каб пры продажы алігархічных актываў атрыманыя сродкі накіроўваліся наўпрост на ліквідацыю стратаў, нанесеных Украіне».
Вялікая Брытанія замарозіла актывы расейскіх фізычных і юрыдычных асобаў на суму звыш 20,5 млрд даляраў. Гэта датычыцца тых, хто трапіў пад санкцыі. Замарожаныя актывы ўключаюць пакеты акцый кампаній і грашовыя сродкі на рахунках у банку. Гаворка не ідзе аб фізычных актывах, напрыклад нерухомасьці, або актывах, якія знаходзяцца на астравах Гэрнзі і Джэрзі.