Майстэрня ў шафе
Сям’я Енджэеўскіх не хацела і не плянавала выяжджаць зь Беларусі, кажа Кацярына.
«Мы шмат сілаў уклалі, каб атрымаць тое, што ў нас было... Ужо пакаленьне дзяцей вырасла на маіх цацках», — кажа Кацярына.
Яе мужа Аляксандра Енджэеўскага, былога актора горадзенскага тэатру лялек, звольненага ў 2021 годзе, сёлета ўвесну затрымалі за падпіску на «экстрэмісцкія» каналы, некалькі дзён трымалі ў ізалятары. Пасьля гэтага Енджэеўскім стала вельмі трывожна заставацца ў краіне, яны заўважалі, што за імі сочаць «ціхары».
Зьбіраліся за два тыдні. Гэта быў час, каб зрабіць візы, распрадаць абсталяваньне і сыравіну, скасаваць арэнду майстэрні на мансардзе старога дома ў цэнтры гораду, вырашыць іншыя юрыдычныя пытаньні.
«Хочаце, пакажу вам майстэрню?» — хітра пытаецца Кацярына і сьмяецца.
Яна адкрывае шафку на сваёй новай маленькай кухні ў беластоцкай кватэры. Там стаяць літры фарбы. Гіпаалергенная эмаль на вадзяной аснове, якую можна аблізваць на цацках, каштаваць на зуб. Гэта адно зь нямногага, што мастачка вывезла зь Беларусі дзеля працы. Фарбаў была цэлая валізка. Усяго каля 15 слоікаў. Кожны каштуе ў сярэднім па 30 даляраў.
«Я не магла іх там пакінуць, бо ведала кошт гэтай валізкі... Гэтыя фарбы за гады былі вывераныя, каб яны „сябравалі“. Гэта вялізная праца. У мяне ёсьць колер, які я называю „няўцямны“, які сябруе зь любым колерам. Калі некалькі колераў не зьбіраюцца разам, бамбані побач „няўцямны“», — камэнтуе яна.
«Калі прадавалі пілу, я плакала»
Аднак большасьць зьмесьціва майстэрні коштам у тысячы даляраў засталося ў Беларусі, кажа рамесьніца. Станкі нельга было перавозіць празь мяжу. Іх прадавалі прыблізна ў два разы таньней, чым новыя, і таньней, чым іншыя людзі прадавалі ўжываныя. Таму і здолелі распрадаць усё за паўтара тыдні.
«Калі мы выставілі стужачную пілу на продаж, праз паўтары гадзіны патэлефанаваў мужчына і сказаў, што яе купіць. А яшчэ праз паўгадзіны патэлефанаваў мужчына зь Берасьця і сказаў: „Я даю вам больш, толькі яе не аддавайце“», — расказвае рамесьніца.
Калі прадавалі пілу, Кацярына плакала, быццам разьвітвалася з хатнім гадаванцам.
«Пакупнік зайшоў. Саша кажа: „Усё, Каця, выносяць дзяўчынку тваю“. Я зь яе сурвэтачкай пыл працерла. Мужычок стаіць і ня можа зразумець: „Дык а чыя гэта піла?“. А ў мяне сьлёзы цякуць. Я яе абняла, кажу: „Дзевачка ты мая, харошая, служы верай і праўдай, ня рві палотны, будзь малайчынкай“. Ён яе спускае, а ў мяне сьлёзы градам... Напэўна, псыхалягічна лягчэй зьбірацца за 2-3 дні», — падсумоўвае яна.
Енджэеўскія прадалі лобзік, два шліфавальныя станкі, сьвідравальны станок, гравэр, дрыль, шрубакрут, некалькі набораў сьвердзелаў, некалькі набораў насадак для гравэраў і шмат іншых інструмэнтаў. Колькі грошай атрымалася выручыць на продажы абсталяваньня, Кацярына ня ведае. Кажа, што знарок не падлічвала, бо так было прасьцей перажыць гэта.
«Я ж ведала, за колькі гэта купляла. Каб мяне ня білі лішнія лічбы, я проста складвала грошы ў канвэрт, потым купілі валюту і выехалі», — кажа яна.
Сужэнцы рабілі распродаж і сваіх драўляных цацак. Многія людзі здагадаліся, што сям’я выяжджае. Было так шмат заказаў, што мастачка не пасьпявала сама фарбаваць цацкі, дапамагалі сяброўкі. Гэта таксама спосаб падтрымаць сям’ю ў складаны пэрыяд — дапамагчы зарабіць, мяркуе Кацярына.
Рамесьніцтва ў Беларусі не пацьвердзілі
Сужэнцы былі рамесьнікамі да гэтага году. Сёлета правілы для рамесьнікаў у Беларусі памяняліся. Трэба было да 1 ліпеня пацьвердзіць сваё рамесьніцтва. Рашэньне мелася прымаць нейкая камісія. Аднак, як гэта зрабіць, Енджэеўскія так і не зразумелі. Літаральна за месяц да 1 ліпеня ў адміністрацыі раёну ім не маглі адказаць на пытаньні аб працэдуры.
«Казалі: „Вы нам аддавайце дакумэнты з прапісаным тэхналягічным працэсам і фатаздымкамі“. Гэта трэба было раздрукаваць, бо флэшкі з дыскамі яны не прымалі. Яны ня ведалі, хто ў камісіі. Да апошняга цягнулі з датай... Мне кажуць: вы выкарыстоўваеце абсталяваньне. Вядома, у ХХІ стагодзьдзі я выкарыстоўваю абсталяваньне. Або гэта трэба адгрызаць ці ножычкам калупаць, каб яно было ўручную?», — успамінае Кацярына.
Перадаваць невядомым людзям сваю тэхналёгію Кацярына не хацела і вырашыла не марнаваць на гэтую працэдуру энэргію. Дакумэнтаў яны так і не падалі.
Сужэнцы ведаюць, што ў выніку ў розных гарадах працэс праходзіў па-рознаму. Калі камусьці высылалі адмову ў рамесьніцтве, то прычынаў не тлумачылі. Чулі пра дзяўчыну, якая аднаўляла слуцкія паясы і якой не ўхвалілі ейную дзейнасьць.
Новыя правілы для рамесьнікаў таксама прадугледжвалі карыстаньне адмысловай аплікацыяй. У ёй трэба было прабіваць квітанцыі пакупнікам, плаціць падаткі.
«Аплікацыя ў тэлефоне не працуе. Мы прыходзім у падатковую. А нас там чалавек сто. Сядзіць дзядок пад гадоў 70 з кнопачным тэлефонам, побач сэнсарны. І яму супрацоўнікі дапамагаюць разабрацца ў праграме», — успамінае Кацярына.
Зь ейных словаў, выбіць квіток у праграме на кірмашы таксама досыць складана. Асабліва калі там бывае кепскі інтэрнэт. Гэта прымушае чакаць кліента.
Зарабляць можна ня больш за 650 даляраў без рэгістрацыі справы
У Польшчу Кацярына, акрамя фарбаў, перавезла пэндзьлі, алоўкі, драўляныя загатоўкі, гатовыя цацкі.
«Мы прывезьлі сюды розум, гонар, сумленьне, свае таленты і свой досьвед. Той, хто ўмеў нешта рабіць, ён і ў іншай краіне на каленцы зробіць», — мяркуе яна.
Кацярына яшчэ не да канца разабралася ў польскім заканадаўстве. Паняцьця рамесьніка там няма, аднак ёсьць незарэгістраваная дзейнасьць. Зарабляць пры ёй можна ня больш за 650 даляраў у месяц. Інакш давядзецца рэгістраваць ІП.
«Трэба схадзіць у падатковую і ўсё даведацца, але інспэктар размаўляе па-польску. Маіх ведаў польскай мовы яшчэ не хапае, каб зразумець усё», — зазначае суразмоўца.
Ужо цяпер яна можа браць удзел у польскіх кірмашах ручных вырабаў. Для гэтага трэба падаць заяўку арганізатарам. У Польшчы мастачка прадавала свае цацкі. Зьвярталіся пастаянныя кліенты, прасілі адправіць цацкі ў Беларусь і ў іншыя эўрапейскія краіны.
Некаторыя кліенты расказвалі, што забіралі ейныя цацкі з сабой у эміграцыю як нешта дарагое, кажа Кацярына. Адна кліентка, якая раней брала шмат цацак для інтэр’еру, пасьля пераезду сям’і зь Беларусі напісала абуранае паведамленьне. Яна абяцала выкінуць усе іхныя цацкі, казала, што такім «здраднікам няма месца ў краіне».
Што рабіць з цэнамі на свае вырабы ў Польшчы, Кацярына пакуль ня ведае, бо не арыентуецца ў польскім рынку. Вывучае прапановы іншых дзіцячых крамаў, але яны моцна адрозьніваюцца.
Назву свайго брэнда «Любо-дорого» давялося зьмяніць, бо яе складана перакласьці на іншыя мовы і захаваць сэнс. Цяпер цацкі называюцца GoooodWood (чатыры «о» запар, бо назвы з дзьвюма і трыма «о» былі ўжо занятыя).
Пра тое, каб арандаваць памяшканьне пад сваю майстэрню і купляць станкі, гаворкі пакуль няма. Гэта ня толькі дорага, але наагул пакуль няясна, ці справа пойдзе ў Польшчы. Пакуль знаёмыя дазваляюць рамесьніцы карыстацца іхняй майстэрняй. Дома яна робіць няшумныя работы: шліфуе вырабы, фарбуе.
«У будаўнічых крамах я не падыходзіла і не глядзела цэны на станкі. Бо я разьвіталася са сваімі „дзяўчаткамі“ і „хлопчыкамі“ там. Я ведаю, што яны мне яшчэ доўга ня сьвецяць тут... Ад мяне адрэзалі вялізны кавалак і выкінулі як сьмецьце. Я не рабіла нічога кепскага, я рабіла якасны прадукт. Магчыма, вашыя дзеці таксама цешацца тым, што я рабіла для вас», — голас Кацярыны дрыжыць ад сьлёз.
Яна прызнаецца, што досьвед вырабу цацак у Беларусі не гарантуе, што гэтая ж справа прынясе прыбытак у Польшчы. Пакуль яна спрабуе з усім разабрацца, але найперш захаваць сябе і свой спакой. Часам фантазуе пра сваю майстэрню з панарамнымі вокнамі і новую стужкавую пілу, якая будзе нічым ня горшая за пярэднюю.
«Чалавек сам сябе лепіць. Мы самі творцы свайго лёсу», — перакананая яна.