«Праца дэлегацыі на чале зь Сьвятланай Ціханоўскай у Вашынгтоне складалася зь дзьвюх частак, — цытуе Кавалеўскага тэлеграм-канал Кабінэту. — Першая станавіла сабой уласна стратэгічны дыялёг і яго асобныя сэсіі. Другая складалася з сустрэчаў з кангрэсмэнамі, аналітычнай супольнасьцю ў Інстытуце Брукінгса, у Сусьветным банку, МВФ, а таксама з выступаў кіраўніцы Кабінэту перад падкамітэтам у пытаньнях Эўропы камітэту міжнародных адносінаў Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША, у Атлянтычнай радзе і падчас атрыманьня прэміі „За свабоду“».
Як паведаміў Валер Кавалеўскі, у выніку працы:
- пацьверджаны пакет дапамогі для дэмакратычнага руху і грамадзянскай супольнасьці Беларусі на наступны год на 30 мільёнаў даляраў;
- абвешчаны новы пакет санкцыяў супраць рэжыму;
- аб’яўлена адкрыцьцё ў Вільні офісу Агенцтва ЗША ў міжнародным разьвіцьці для Беларусі;
- падкрэсьленая неабходнасьць сыстэмных намаганьняў для абароны незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі;
- дамовіліся стварыць працоўныя групы (у пытаньнях палітзьняволеных, прыцягненьні рэжыму да адказнасьці й інш.);
- рыхтуецца рашэньне аб прызначэньні спэцыяльнага пасланьніка Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША для сувязяў з дэмакратычнай Беларусьсю;
- у Сэнат ЗША ўнесеная абноўленая вэрсія Акту аб дэмакратыі ў Беларусі, які зьмяшчае актуальныя палітычныя пазыцыі ўраду ЗША ў адносінах да Беларусі і вызначае канкрэтную падтрымку для яе грамадзянскай супольнасьці;
- атрымана згода амэрыканскага боку на пашырэньне праграмаў падтрымкі нацыянальнай ідэнтычнасьці беларусаў;
- амэрыканскі бок разгледзіць магчымасьць падоўжыць тэрміны дзеяньня амэрыканскіх візаў і палепшыць умовы легалізацыі беларусаў у ЗША.