Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дапамагаем і будзем дапамагаць Расеі». Лукашэнка расказаў, як сустракаўся з кіраўнікамі спэцслужбаў «з усіх вядучых краін»


Аляксандар Лукашэнка і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін. Архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін. Архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што сілавыя органы Расеі і Беларусі ўжо затрымалі «напэўна, ужо дзясяткі два груп тэрарыстаў, якія імкнуцца найперш да тэрарыстычных апэрацый на тэрыторыі Расеі і Беларусі».

Аляксандар Лукашэнка правёў сустрэчу з кіраўнікамі дэлегацый XIX пасяджэньня нарады кіраўнікоў органаў бясьпекі і выведных службаў краін СНД і расказаў, што перад гэтым меў сустрэчы з кіраўнікамі спэцслужбаў «з усіх вядучых краін».

«Няхай супраць Расеі (выступаюць), там Украіна, яшчэ нешта... А мы што ім павінны? Мы ціха, спакойна жывём, нікому не перашкаджаем. Я нядаўна меў зносіны з вашымі калегамі з усіх вядучых краін, кіраўнікамі спэцслужбаў. Я ім паставіў пытаньне проста: „Чаго вы ад нас хочаце? Вы што, ня ведалі, што мы з Расеяй заключылі пагадненьне, што ў нас найбольш цесная вайскова-палітычная супраца?“... „Вось вы там дапамагаеце Расеі...“

Я кажу: „Дапамагаем і будзем дапамагаць“. Мы гэта шчыра кажам, мы ніколі гэтага ня ўтойвалі. Гэта наш саюз. З тых часоў, калі я сказаў, што ў сьпіну расейцам мы страляць не дазволім праз тэрыторыю Беларусі. Мы выконваем гэты прынцып. Што тут не было зразумела да канфлікту ва Ўкраіне? Усё было зразумела», — працытавала Аляксандра Лукашэнку агенцтва БелТА.

Паводле яго, вайна «даўно ператварылася з расейскага канфлікту ва Ўкраіне ў вайну Расеі супраць усяго „цывілізаванага“ Захаду».

«Ну тады чаго ад нас вы хочаце? Мы падтрымлівалі і ўсяляк будзем падтрымліваць свайго хаўрусьніка. Гэтак сама і ўсе дзяржавы, якія сядзяць за гэтым сталом», — паабяцаў Лукашэнка.

Лукашэнка дадаў, што замежныя спэцслужбы закідваюць у Беларусь «ня проста шпіёнаў, а ўжо агентаў-тэрарыстаў, і намагаюцца стварыць экстрэмісцкія асяродзьдзі, фармуюць нейкія палкі з нашых уцекачоў, залучаюць наймітаў».

Паводле яго, сілавыя органы Расеі і Беларусі ўжо затрымалі «напэўна, ужо дзясяткі два груп тэрарыстаў, якія імкнуцца найперш да тэрарыстычных апэрацый на тэрыторыі Расеі і Беларусі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG