Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мір будзе, калі мы дасягнем сваіх мэтаў», — Пуцін падчас «прамой лініі» пра вайну Расеі з Ўкраінай


Уладзімір Пуцін, Масква, 14 сьнежня 2023
Уладзімір Пуцін, Масква, 14 сьнежня 2023

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін 20-ы раз праводзіць «прамую лінію». Сёлета яе сумясьцілі з прэс-канфэрэнцыяй аб выніках году.

Пуцін пачаў сваю прамову з тэзісу аб тым, што Расея ня можа існаваць без сувэрэнітэту, «прынамсі ў тым выглядзе, у якім яна існавала тысячу гадоў».

Адно зь першых пытаньняў, адрасаваных Пуціну, тычылася вайны супраць Украіны, якую ў Расеі называюць спэцапэрацыяй, а канкрэтна таго, калі будзе мір. Пуцін адказаў:

«Мір будзе, калі мы дасягнем сваіх мэтаў. Яны не мяняюцца. Гэта дэмілітарызацыя і дэнацыфікацыя Ўкраіны і яе нэўтральны статус».

Пуцін назваў колькасьць расейскай групоўкі ва Ўкраіне. Паводле яго, у зоне баявых дзеяньняў знаходзяцца 617 тысяч вайскоўцаў.

У працяг тэмы прагучала пытаньне аб далейшым удзеле расейцаў у вайне, магчымасьці другой хвалі мабілізацыі. Пуцін сказаў, што сёньня ў гэтым няма неабходнасьці. Ён не адказаў на пытаньне, ці будзе дэмабілізацыя тых, хто быў мабілізаваны ў расейскае войска летась.

На прэс-канфэрэнцыі Пуціна
На прэс-канфэрэнцыі Пуціна

Сёлета прэс-канфэрэнцыя і «прамая лінія» Пуціна адбываюцца перад выбарамі прэзыдэнта Расеі, прызначанымі на 17 сакавіка 2024 году. 13 сьнежня тэлеканал «Россия-1» паведаміў пра больш як 2 млн званкоў на «прамую лінію» Пуціна. Яго прэс-сакратар Дзьмітрый Пяскоў пацьвердзіў, што частка пытаньняў датычыцца менавіта вайны супраць Украіны.

Першапачаткова меркавалася, што «прамая лінія» пройдзе ўлетку (з 2017 году яе праводзілі ў чэрвені). Аднак яе перанесьлі на канец года — пасьля «вызначанасьці з сытуацыяй на фронце».

Уладзімір Пуцін ужо заявіў, што будзе балятавацца на пяты тэрмін як самавылучэнец.

Пуцін упершыню стаў прэзыдэнтам у 2000 годзе і застаецца ім ужо чатыры тэрміны (зь перапынкам на 2008–2012 гады). Балятавацца на пяты тэрмін яму дазваляюць прынятыя па ініцыятыве самога Пуціна папраўкі да Канстытуцыі Расеі. Вядома, што Крэмль паставіў перад чыноўнікамі задачу забясьпечыць яму больш за 80 працэнтаў галасоў падчас галасаваньня, пра гэта пісалі выданьні «Медуза» і «Вёрстка». На выбарах 2018 году яго перамогу аб’явілі з рэкордным вынікам 76,69 працэнта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG