Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэмпы росту беларускай эканомікі запавольваюцца, інфляцыя паскараецца, — Эўразійскі банк разьвіцьця


Аўтамабілі БелАЗ пастаўляюцца на замежныя рынкі. Ілюстрацыйнае фота
Аўтамабілі БелАЗ пастаўляюцца на замежныя рынкі. Ілюстрацыйнае фота

Эўразійскі банк разьвіцьця прадставіў прагноз для эканомік дзяржаў – сяброў ЭАЭС. Паводле яго ацэнак, тэмпы росту беларускай эканомікі налета паменшацца з 4 да 2% за год.

У 2023 годзе прырост беларускай эканомікі будзе каля 4% (за 11 месяцаў — 3,8%). Але ў наступным годзе прырост запаволіцца і складзе 2%, заяўляюць аналітыкі ЭАБР.

Аналітыкі лічаць, што эканамічны рост у 2023 годзе адбыўся таму, што прадпрыемствам удалося выстраіць новыя ланцужкі паставак, знайсьці новыя рынкі збыту, а таксама ад таго, што рос унутраны попыт — павялічыліся заработныя платы і крэдыты насельніцтву.

Але налета ня ўсе гэтыя фактары будуць дзейнічаць. Расея не павялічыць попыту на беларускую прадукцыю, ды і прамысловыя магутнасьці беларускай эканомікі і так задзейнічаныя блізка да ста працэнтаў. Да таго ж на сытуацыю накладаецца скарачэньне колькасьці працоўнай сілы ў Беларусі. Застаецца стымуляваць унутраны попыт. Але аналітыкі ЭАБР ня думаюць, што гэта ўдасца ў тых жа маштабах.

«Скарачэньне валютнай выручкі значна абмяжуе магчымасьці для стымулявання ўнутранага попыту. У гэтай сытуацыі для Беларусі значна падвышаецца рызыка рэцэсіі і скарачэньня заработных плат», паведамляецца ў аглядзе ЭАБР.

Што тычыцца інфляцыі, ЭАБР прагназуе яе паскарэньне ў Беларусі. У 2023 годзе яна па прагнозе ЭАБР складзе 5,2%, а ў 2024 годзе павялічыцца да 8%. Таксама, паводле прагнозу, беларускі рубель аслабне да 3,54 рубля за даляр ЗША (зараз курс рубля — 3,1 за даляр).

Прагнозы беларускага ўраду больш аптымістычныя. На іх думку, у наступным годзе эканоміка павінна вырасьці на 3,8%, а інфляцыя скласьці 6% за год.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG