Ён можа служыць ня толькі для перасячэньня мяжы, але і для пацьверджаньня асобы яго ўладальніка. Гэта вынікае з афіцыйнай інтэрпрэтацыі МУС Польшчы, паведаміў журналістам Цэнтар беларускай салідарнасьці (ЦБС).
Афіцыйную інтэрпрэтацыю МУС Польшчы наконт таго, як можна карыстацца праязным дакумэнтам, атрымала кіраўніца аддзелу прававой дапамогі ЦБС Вольга Дабравольская.
Таксама ў МУС Польшчы патлумачылі, што пры падачы заявы на часовы або сталы дазвол на жыхарства, дазвол на жыхарства доўгатэрміновага рэзыдэнта ЭЗ, дадатковую абарону, дазвол на знаходжаньне з гуманітарных прычынау іншаземец можа паказаць дзейны польскі праязны дакумэнт, калі ў яго няма магчымасьці прадʼявіць пашпарт сваёй краіны (напрыклад, калі ён страчаны або несапраўдны) ці іншы праязны дакумэнт.
Такім чынам, беларусы змогуць карыстацца польскім праязным дакумэнтам у якасьці дакумэнта, які пацьвярджае іх асобу:
- у адміністрацыйных органах;
- у банках;
- пры перасячэньні мяжы;
- у іншых выпадках, калі неабходна засьведчыць іх асобу.
У ЦБС адзначылі, што гэтая інтэрпрэтацыя можа стаць важным аргумэнтам у спрэчных сытуацыях і моцна спросьціць жыцьцё шматлікім беларусам у Польшчы, якія ня могуць атрымаць ці замяніць беларускі пашпарт.
Польскі праязны дакумэнт для замежніка (polski dokument podróży dla cudzoziemca) выдаецца тэрмінам на адзін год і дае права перасячэньня мяжы, цалкам замяняючы нацыянальны пашпарт.
З 1 ліпеня па 31 сьнежня 2023 году беларусы могуць атрымліваць польскі праязны дакумэнт для іншаземца паводле спрошчанай схемы — пакуль беларусам ня трэба даказваць, што яны ня могуць атрымаць новы пашпарт ад беларускіх уладаў.
Для таго, каб атрымаць праязны дакумэнт іншаземца паводле спрошчанай схемы, неабходна толькі тры ўмовы:
- страта старога пашпарта, заканчэньне тэрміну яго дзеяньня або ўвогуле яго адсутнасьць;
- наяўнасьць любога ДНЖ Польшчы, незалежна ад падставаў яго атрыманьня;
- своечасовая падача дакумэнтаў з 1 ліпеня да 31 сьнежня 2023 года.
Дакумэнт выдаецца беларусам бясплатна.