У паседжаньні бяруць удзел 30 чалавек. Зь беларускага боку гэта прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінэту, Офісу Сьвятланы Ціханоўскай, Каардынацыйнай рады, штабу Бабарыкі, прэс-клюбу, беларускіх праваабаронцаў, моладзевая асацыяцыя РАДА. З эўрапейскага боку — прадстаўнікі Эўракамісіі, службы вонкавых дзеяньняў ЭЗ, статыстычны камітэт Эўразьвязу, іншыя службоўцы, якія займаюцца міжнароднымі пытаньнямі.
На парадку дня наступныя тэмы:
- як абараніць незалежнасьць Беларусі,
- як зрабіць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі больш эфэктыўнымі,
- як прыцягнуць рэжым Лукашэнкі да адказнасьці,
- як вызваліць палітвязьняў,
- як павялічыць мабільнасьць беларусаў за мяжой (выдача візаў, дазволаў на жыхарства, пашпартоў іншаземца, спрашчэньне легалізацыі для беларусаў),
- як падтрымаць грамадзянскую супольнасьць,
- як падтрымаць незалежныя СМІ, а таксама супрацьстаяць прапагандзе рэжыму і Расеі,
- эўрапейскі выбар Беларусі.
На гэтыя тэмы ідуць дыскусіі. Паколькі гэта ўжо другая сустрэча кансультацыйнай групы Эўразьвяз – Беларусь, абмяркоўваюць, што зроблена за апошнія паўгода, плянуецца дзейнасьць на наступныя 6 месяцаў. Мэта сустрэчы — мець канкрэтныя плян таго, што Эўразьвяз робіць супольна зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі ў 2024 годзе.
Сьвятлана Ціханоўская ў сваёй прамове вызначыла прыярытэты сустрэчы і выказала спадзеў, што ў выніку сёньняшніх кансультацыяў, а таксама дыскусіяў у Вашынгтоне, якія прайшлі на мінулым тыдні ў рамках стратэгічнага дыялёгу «Беларусь – ЗША», «удасца выпрацаваць адзіную стратэгію ў дачыненьні да Беларусі і дзейнічаць разам».
Таксама яна адзначыла, што «свабодная Беларусь адпавядае стратэгічным інтарэсам Эўразьвязу», і спадзяецца на падтрымку «эўрапейскіх памкненьняў Беларусі».
«Я разумею, што яшчэ рана казаць аб уступленьні ў Эўразьвяз. Але ўжо можна рыхтаваць Пагадненьне аб асацыяцыі, якое ў будучыні зможа падпісаць легітымны ўрад Беларусі. Я прапаную ўключыць падтрымку эўрапейскага выбару Беларусі ў студзеньскія пастановы Рады Эўразьвязу», — сказала Ціханоўская.
Таксама яна зьвярнулася да генэральнага дырэктарату ў пытаньнях міграцыі і ўнутраных справаў, падзякаваўшы за кансультацыі ў рыхтаваньні новага беларускага пашпарта, і адзначыла, што беларускія дэмакратычныя сілы цяпер знаходзяцца на стадыі вырабу першых узораў пашпартоў.
Ціханоўская падзякавала Эўрапейскай службе вонкавых дзеяньняў і яе кіроўнаму дырэктару Міхаэлю Зіберту, генэральнаму дырэктарату ў эўрапейскай палітыцы суседзтва і перамовах аб пашырэньні, аддзелу стратэгічных камунікацыяў «за нязьменьную палітыку і падтрымку свабоднай, дэмакратычнай і незалежнай Беларусі».