Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнтка Грузіі заявіла, што брак зялёнага сьвятла на дарозе краіны ў Эўразьвяз будзе азначаць перамогу Расеі


Прэзыдэнтка Грузіі Саломэ Зурабішвілі
Прэзыдэнтка Грузіі Саломэ Зурабішвілі

14 сьнежня пачнецца саміт ЭЗ, на якім будуць абмяркоўваць прапанову пашырэньня блёку за кошт былых постсавецкіх краін.

Пакуль Эўразьвяз набліжаецца да найважнейшага саміту ў Брусэлі на гэтым тыдні, прэзыдэнтка Грузіі Саломэ Зурабішвілі ў інтэрвію Свабодзе заявіла, што ня мае ілюзіяў наконт таго, што будзе азначаць, калі яе краіне не дадуць зялёнае сьвятло на кандыдацтва ў ЭЗ: гэта будзе пройгрыш грузінаў і выйгрыш Расеі.

Лідэры 27 краін ЭЗ сустрэнуцца ў сталіцы Бэльгіі 14–15 сьнежня і абмяркуюць прапанову Эўракамісіі, якая можа стаць гістарычным рашэньнем аб далейшым пашырэньні альянсу. Ключавым момантам будзе, ці дадуць Малдове, Украіне і, магчыма, Босьніі й Герцагавіне згоду на пачатак перамоваў аб уступленьні ў ЭЗ.

Таксама абмяркуюць пытаньне афіцыйнага кандыдацтва Грузіі ў ЭЗ пасьля таго, як у мінулым месяцы Эўрапейская камісія рэкамэндавала ёй надаць такі статус, калі Грузія выканае астатнія ўмовы, выстаўленыя блёкам.

На пытаньне Радыё Свабода, як яе суайчыннікі ўспрымуць адмову ад атрыманьня гэтага статусу, Зурабішвілі адказала, не вагаючыся.

«Вельмі дрэнна. Бо гэта азначала б вельмі глыбокае расчараваньне ў грамадзкай думцы, яшчэ глыбейшае пасьля рэкамэндацыяў, зробленых камісіяй... Расчараваньне было б велізарным», — сказала яна.

Гэтак жа страшна, дадала яна, было б тое, што такое рашэньне азначала б для Масквы, якая доўгі час лічыла Грузію часткаю сваёй сфэры ўплыву. Такое рашэньне, на яе думку, прынесла б Расеі «велізарнае задавальненьне».

«Бо вядома, і мы ўсе гэта ведаем, расчараваньне лепш за ўсё могуць выкарыстаць людзі, якія маніпулююць прапагандай, фэйкавымі навінамі і ўсім іншым. Яны пачнуць вінаваціць Эўрапейскі Зьвяз у тым, што ён зноў забыўся пра Грузію, падвёў Грузію... І ўсе гэтыя тэмы, вядома, будуць ісьці з Расеі і гучаць для яе», — сказала Зурабішвілі.

Тады Расея будзе лічыць, што Грузія застаецца ў „шэрай зоне“», — перакананая прэзыдэнтка Грузіі.

У праекце рашэньня Эўрапейскай рады, які атрымала Свабода, запісана пазытыўнае рашэньне пачаць перамовы аб далучэнні з Украінай і Малдовай, а таксама даць статус краіны-кандыдата Грузіі пры ўмове, што крокі, выкладзеныя ў высновах Рады ад 12 сьнежня 2023 году, будуць зробленыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG