Канал пераконвае, што «такія дэструктыўныя намеры старанна адсочваюць, фіксуюць і нэўтралізуюць».
У якасьці прыкладу прыводзяць грамадзяніна Беларусі, які, паводле праўладнага тг-каналу, «даўно затрыманы», а раней нібыта «рыхтаваўся да ўдзелу ў баявых дзеяньнях». Цяпер ён пад сьледзтвам за «наёмніцтва» і «ўдзел у дзейнасьці тэрарыстычнай арганізацыі».
«Вядома, што ў суседняй дзяржаве недружалюбныя сілы спрабуюць сфармаваць у Беларусі сьпячыя суполкі, гатовыя ў выпадку неабходнасьці ўчыняць тэракты» — напісаў тэлеграм-канал у анонсе тэлесюжэту.
Сам ролік быў паказаны адразу пасьля выпуску вечаровай інфармацыйнай праграмы, большая частка якой складалася з ухваленьняў вынікаў афрыканскага турнэ Лукашэнкі.
Кінаролік пабудаваны на інтэрвію з мужчынам, якога прадставілі як Аляксандра Кулікова. Паводле сюжэту, ён быў у палку імя Каліноўскага ва Ўкраіне, а потым вярнуўся ў Беларусь. Прычыны вяртаньня не раскрываюца. Сама гутарка Кулікова зь неназваным суразмоўцам адбываецца ў турэмнай камэры.
Некалькі разоў паказваюць рукі зьняволенага ў кайданках.
Мужчына, якога называюць Аляксандрам Куліковым, расказвае спачатку пра наведваньне «Беларускага дому» у Варшаве, потым пра знаходжаньне ва Ўкраіне ў складзе палка імя Кастуся Каліноўскага, прадстаўляючы байцоў і камандзіраў палка ў нэгатыўным сьвятле. Гутарка перабіваецца фрагмэнтамі запісу размоваў невядомых асобаў, у якіх гучыць лаянка ў адрас Аляксандра Азарава, а таксама кадрамі выступу Зянона Пазьняка на пахаваньні добраахвотніка (бяз гуку).
У фільме арыштаваны заяўляе, што лічыць Лукашэнку легітымна абраным прэзыдэнтам. У фінале стужкі мужчына пераконвае не ісьці па ягоным шляху, бо «ні да чаго добрага гэты шлях не прывядзе».
Увесь фільм зроблены па-расейску, беларуская мова гучыць толькі ў фрагмэнце, крыніцай якога пазначаны неназваны «экстрэмісцкі канал».
Кінаролік трансьляваўся пад назовам «Найміт з палка імя павешанага».
Як не хавала тэлевядоўца АТН напярэдадні дэманстрацыі роліка, пад «павешаным» прапагандысты маюць на ўвазе Кастуся Каліноўскага, пакаранага сьмерцю за арганізацыю паўстаньня 1863–1864 гадоў.