Расейскія СМІ са спасылкай на Фэдэральную службу бясьпекі (ФСБ) Расеі паведамілі аб затрыманьні грамадзяніна Беларусі, нібыта датычнага да падрыву цягніка з нафтапрадуктамі ў Паўночна-Муйскім тунэлі Байкала-Амурскай магістралі ў канцы лістапада.
Ва Ўкраіне тады паведамлялі, што падрыў на чыгунцы ў тунэлі быў спэцыяльнай апэрацыяй Службы бясьпекі Ўкраіны.
У ФСБ цяпер паведамілі, што беларус «дзейнічаў у інтарэсах украінскіх спэцслужбаў».
У распаўсюджаным відэазапісе затрыманы расказвае, што яго папрасіў перадаць пасылку ў Расею іншы грамадзянін Беларусі, які жыве ў Літве.
Прозьвішчы беларусаў не называюць.
На афіцыйным сайце Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі гэтая інфармацыя пакуль адсутнічае.