Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Гадавіна падпісаньня Белавескіх пагадненьняў


Падпісаньне Белавескіх пагадненьняў аб спыненьні існаваньня СССР, 8 сьнежня 1991 году.
Падпісаньне Белавескіх пагадненьняў аб спыненьні існаваньня СССР, 8 сьнежня 1991 году.

Падзеі 8 сьнежня ў Беларусі, у сьвеце, у гісторыі

Дата дня

8 сьнежня 1991 году ва ўрадавай рэзыдэнцыі Віскулі былі падпісаныя Белавескія пагадненьні. Кіраўнікі Беларусі, Расеі і Ўкраіны Станіслаў Шушкевіч, Вячаслаў Кебіч, Барыс Ельцын, Генадзь Бурбуліс, Леанід Краўчук і Вітольд Фокін афіцыйна дэнансавалі дагавор аб утварэньні СССР і ўтварылі Садружнасьць Незалежных Дзяржаў.

Таксама ў гэты дзень

1432 — Ашмянская бітва паміж войскамі вялікіх князёў Сьвідрыгайлы і Жыгімонта Кейстутавіча.

1854 — папа Пій ІХ устанавіў догмат каталіцкай царквы аб беззаганным зачацьці Дзевы Марыі, маці Ісуса Хрыста.

1926 — у склад БССР увайшлі Рэчыцкі і Гомельскі паветы.

1955 — Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы зацьвердзіла свой сьцяг — цяперашні сьцяг Эўразьвязу.

1958 — у Мадрыдзе з ініцыятывы Рады БНР пачалася трансьляцыя беларускіх радыёперадач гішпанскага радыё, якія рэдагаваў Янка Сурвіла з дапамогай сваёй жонкі Івонкі. Вяшчаньне ішло да траўня 1965 году, у эфір выйшла больш за 2300 перадач.

Янка Сурвіла ў часе падрыхтоўкі беларускай радыёперадачы, Мадрыд, 1958.
Янка Сурвіла ў часе падрыхтоўкі беларускай радыёперадачы, Мадрыд, 1958.

1974 — у Грэцыі праз рэфэрэндум была скасаваная манархія.

1999 — кіраўнікі Беларусі і Расеі Аляксандар Лукашэнка і Барыс Ельцын падпісалі дамову аб стварэньні так званай саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. У інтэрвію Радыё Свабода Васіль Быкаў назваў гэта «злачынствам стагодзьдзя».

У гэты дзень нарадзіліся

1832 Б’ёрнст’ернэ Б’ёрнсан, нарвэскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры.

1914Чэслаў Сіповіч, грэкакаталіцкі біскуп, актыўны дзяяч беларускай эміграцыі ў Вялікай Брытаніі, заснавальнік Беларускай бібліятэкі і музэю імя Францішка Скарыны ў Лёндане.

1918Аляксандр Махнач, беларускі навуковец-геоляг, акадэмік, у 1973–1986 гадах — віцэ-прэзыдэнт АН БССР. Удзельнічаў у адкрыцьці на тэрыторыі Беларусі нафтавых радовішчаў, радовішчаў калійнай і каменнай соляў, жалезнай руды, гаручых сланцаў.

1935Рыгор Родчанка, беларускі краязнаўца, пэдагог, фальклярыст, паэт, літаратуразнаўца.

У памяці

1937Язэп Гаўрылік, беларускі грамадзка-палітычны дзяяч.

1937 — савецкім НКУС расстраляны Ігнат Дварчанін, беларускі пісьменьнік, публіцыст, грамадзкі дзяяч.

1968 Ванда Лявіцкая (у замужжы Лёсік), пісьменьніца, удзельніца нацыянальна-вызвольнага руху пач. ХХ ст.

1980 — у Нью-Ёрку застрэлены Джон Ленан, музыка легендарнага гурту The Beatles.

Сьцяна Ленана ў Празе
Сьцяна Ленана ў Празе

2016 — памёр адзін зь першых астранаўтаў Джон Глен. 20 лютага 1962 году Глен стаў першым астранаўтам ЗША, які зьдзейсьніў арбітальны касьмічны палёт — тры віткі вакол Зямлі. Да яго субарбітальны палёт ажыцьцявілі астранаўты Алан Шэпард і Вірджыл Грысам.

Джон Глен, 1998
Джон Глен, 1998

2019 — памерла праваабаронца, адна з заснавальніц Маскоўскай Хэльсынскай групы Людміла Аляксеева.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG