Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка зноў хоча аўтамабіль беларускай вытворчасьці. Расказваем, як зьмяніўся аўтарынак пасьля жніўня 2020-га


Аляксандар Лукашэнка. Каляж
Аляксандар Лукашэнка. Каляж

Чатыры гады таму самай масавай новай машынай у Беларусі была Lada, у тройку ўваходзілі таксама Renault і Volkswagen.

120 тысяч аўтамабіляў на год, на такія паказчыкі празь некалькі гадоў мусіць выйсьці завод «БелДжы», які зьбірае кітайскія аўтамабілі ў Беларусі. Гэтыя пляны 24 кастрычніка агучыў Лукашэнка.

«Мы павінны забясьпечыць сваіх людзей сваім аўтамабілем. Які б ні быў імпартны аўтамабіль, гэта імпартны. Што здарылася — запчасткі і іншае, а гэта — сваё. Трэба, каб было сваё. І мы ідзём да таго, каб мець сваё», — сказаў Лукашэнка.

У Беларусі за 10 месяцаў гэтага году прадалі 13 750 новых аўтамабіляў. Такую статыстыку агучвае Беларуская аўтамабільная асацыяцыя. Найбольш папулярная марка акурат Geely. 10 135 рэалізаваных аўтамабіляў. У Асацыяцыі адзначаюць, што сёлета ёсьць тэндэнцыя росту продажаў.

З пачатку нападу Расеі на Ўкраіну большасьць эўрапейскіх ды іншых міжнародных брэндаў пакінула беларускі рынак. Купіць новую машыну эўрапейскай маркі магчыма толькі празь перакупнікаў па завышаных цэнах.

Чатыры гады таму, у дакрызісны 2019 год, у Беларусі прадалі 64504 аўтамабілі. ТОП-продажаў па марках (агулам усіх аўтамабіляў) выглядаў наступным чынам:

  • LADA — 16281
  • Renault — 11 895
  • Volkswagen — 7919
  • Geely — 6894
  • Kia — 4029

«Сьпярша хацела Skoda, але яны пакінулі рынак»

Маргарыта (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы. — РС) шукала машыну ў Беларусі якраз тады, калі эўрапейскія брэнды пачалі пакідаць рынак.

«Я хацела красовэр, тады якраз сышла Skoda, а я спачатку хацела менавіта гэтую марку. Пасьля я думала пра Mazda, але там нявыгадны крэдыт быў, глядзела таксама Renault і Nissan. У выніку купіла Geely за 60 000 рублёў у максымальнай камплектацыі. Там быў даволі выгадны крэдыт і адсотак залежаў ад першапачатковага ўнёску. У цэлым усё там зручна, адзінае, як па мне, крыху малаваты багажнік», — расказвае суразмоўца.

Андрэй (імя зьмененае па просьбе суразмоўцы. — РС) нядаўна прадаў машыну эўрапейскай маркі, якую набываў у 2019 годзе. Прадаць атрымалася хутка, за тыдзень. І выручыць суму, блізкую да сумы пакупкі.

«Там быў невялікі нюанс з машынай; калі б яго не было, магчыма было б узяць столькі ж, колькі плаціў, купляючы. Попыт ёсьць, людзі гатовыя плаціць грошы, многія з Расеі прыяжджаюць купляць машыны», — расказвае суразмоўца.

«Geely сталі самым простым варыянтам»

Паводле старшай навуковай супрацоўніцы Beroc Анастасіі Лузгіной, кітайскія Geely беларускай зборкі сталі папулярныя, бо зьніклі многія альтэрнатывы.

«Раней многія эўрапейскія машыны зьбіраліся ў Расеі і можна было купіць новую эўрапейскую машыну па нармальнай цане. Пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне большасьць эўрапейскіх вытворцаў пакінулі Расею. Адзіная магчымасьць набыць эўрапейскую мадэль сёньня — заказваць яе ў Эўропе празь нейкіх пасярэднікаў. Гэта будзе даражэй, і могуць узьнікнуць праблемы з камплектнымі часткамі», — кажа Анастасія Лузгіна.

Сёлета спрацаваў «адкладзены попыт», калі людзі зьбіраліся раней набыць аўта, але ня сталі гэтага рабіць, кажа экспэртка.

«Цяпер мы бачым паступовае ўзнаўленьне попыту на аўтамабілі. На Geely ёсьць праграмы крэдытаваньня. Раней беларусы маглі купіць недарагі Renault, зараз такой магчымасьці няма», — кажа эканамістка.

Аднак пакуль не зразумела, куды прадаць 120 тысяч аўтамабіляў. На гэта зьвяртае ўвагу Анастасія Лузгіна.

«Асноўны рынак — Расея, але ці будзе там попыт на гэтыя машыны? Там робяць свае аўтамабілі, там ёсьць кітайскія пастаўкі. 120 тысяч — гэта вельмі шмат, пытаньне, хто іх будзе купляць. Да закрыцьця межаў, магчыма, быў плян прадаваць машыны і ў Эўропу. Цяпер такая магчымасьць закрылася», — дадае Анастасія Лузгіна.

А што з цэнамі на новыя машыны

У Беларусі ўсё яшчэ можна адшукаць новыя машыны сусьветных брэндаў. Аднак цэны высокія. Напрыклад, красовэр Mazda CX-5 у базавай камплектацыі будзе каштаваць 48 313 эўра.

А ў Літве ў салёне такая ж новая машына будзе каштаваць 32 990 эўра, на 15 323 эўра таньней.

Новы Nissan Ariya з электрычным рухавіком у Менску каштуе 57 172 эўра.

Такі ж новы аўтамабіль у Літве — 49 721 эўра, ці на 7 451 эўра таньней, чым у Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG