Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік Беларусі на пасяджэньні АБСЭ: «Прозьвішчаў дэпартаваных з Украіны дзяцей ніхто не назваў»


На сустрэчы міністраў замежных спраў АБСЭ ў Скоп'і
На сустрэчы міністраў замежных спраў АБСЭ ў Скоп'і

Намесьнік міністра замежных спраў Беларусі назваў абвінавачаньні дзяржавы ў прымусовым перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей ілжывымі.

На пасяджэньні міністраў замежных спраў Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ) намесьнік кіраўніка МЗС Беларусі Юры Амбразевіч адкінуў абвінавачаньні ў адрас Беларусі ў прымусовым перамяшчэньні і дэпартацыі дзяцей з акупаваных Расеяй рэгіёнаў Украіны.

«У дачыненьні да абвінавачаньняў або здагадак у гвалтоўным перамяшчэньні ці дэпартацыі дзяцей з Украіны. Тут адказ вельмі кароткі. Ніводнага прозьвішча нам ніхто не назваў. Мы чакаем».

Таксама Амбразевіч зрэагаваў на абвінавачаньні Менску ў парушэньні правоў чалавека.

«У адказ на глыбокую заклапочанасьць шэрагу краін Эўрапейскага зьвязу захаваньнем правоў чалавека ў Беларусі адзначу, што ніхто ў гэтай залі з нашых крытыкаў не пераканае мяне ў тым, што сытуацыя з правамі чалавека ў іх краінах лепшая. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова азнаёміцца з вынікамі Унівэрсальнага пэрыядычнага агляду ў Радзе правоў чалавека ААН па кожнай з краін Захаду.

Калі і гэтага недастаткова, прапаную, каб мальтыйскае старшынства ўключыла ў праграму іх працы ў АБСЭ аналяг такога агляду для сяброў АБСЭ. Пачаць прапаную з Латвіі».

У канцы свайго выступленьня Амбразевіч заявіў, што «эўрапейская бясьпека непадзельная з эўразійскай».

Расея блякуе ключавыя рашэньні АБСЭ, у тым ліку бюджэт групы. Дадатковую напружанасьць выклікаў удзел у саміце міністра замежных справаў Расеі Сяргея Лаўрова, ад чаго саміт байкатавалі Ўкраіна, Польшча і краіны Балтыі.

Польшча заявіла, што прысутнасьць Расеі на саміце «непрымальная».

Украіна хоча, каб АБСЭ выключыла Расею, як гэта зрабіла Рада Эўропы, папярэдзіўшы, што арганізацыі пагражае «павольная сьмерць», калі Масква застанецца ў яе складзе.

Пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну АБСЭ апублікавала некалькі справаздачаў аб магчымых ваенных злачынствах расейскіх узброеных сілаў і іх злачынствах супраць чалавечнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG