Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новыя цэны, новы выпуск «базы дармаедаў». Якія зьмены чакаюць беларусаў у сьнежні


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

З новага месяца будуць зьмяняцца некаторыя цэны, умовы і іншае. Свабода паглядзела, што зьменіцца ў новым месяцы для беларусаў.

Абнаўленьне «базы дармаедаў»

У сьнежні ўлады краіны зноў абновяць «дармаедзкую базу». Грамадзянам, якія рызыкавалі трапіць у яе, неабходна было да 21 кастрычніка пасьпець падаць дакумэнты аб сваёй працы ў камісію па садзейнічаньні занятасьці.

У абноўлены варыянт базы трапяць беларусы, якія ня маюць ці не падалі дакумэнтаў аб сваёй занятасьці за трэці квартал году, гэта значыць зь ліпеня па верасень.

Новыя цэны на лячэньне зубоў

Ужо 3 сьнежня пачынае працаваць пастанова Міністэрства здароўя, якая ўвядзе гранічныя максымальныя тарыфы на ўсе віды стаматалягічных паслуг. У ведамстве прагназуюць, што гэта дазволіць зьнізіць цэны на гэтыя паслугі.

Калі стаматалягічныя клінікі паслухаюцца пастановы, выдаленьне малочнага зуба ў сярэднім патаньнее на 33% (з 127 да 85,6 рубля), складанае выдаленьне — на 42% (з 479 да 278 рублёў), а лячэньне сярэдняга карыесу патаньнее на 47% (з 163 да 86,4 рубля).

Сёлета ў ліпені ўрад прыняў пастанову, якая ўвяла дзяржаўнае рэгуляваньне тарыфаў на ўсе віды стаматалягічных паслуг. Пастанова набыла моц з 1 лістапада. Калі раней у Беларусі дзяржава рэгулявала толькі цэны на артапэдычную стаматалёгію і зубатэхнічныя работы, то цяпер — таксама на тэрапію, хірургію і артадантыю.

13 лістапада выйшла пастанова аб гранічна максымальных тарыфах на паслугі, якаянабудзе моц праз 20 дзён пасьля афіцыйнага апублікаваньня, гэта значыць 3 сьнежня.

Папярэджаньне або штраф за летнюю гуму

З 1 сьнежня кіроўцы могуць атрымаць папярэджаньне або штраф да адной базавай велічыні (37 рублёў) за язду на аўтамабілі зь летнімі шынамі. Калі ж кіроўцу спыняць за эксплюатацыю летніх шын паўторна, то сума штрафу складзе ад 2 да 5 базавых велічынь (ад 74 да 185 рублёў).

Падаражэе адукацыя ў ВНУ

Кошт навучаньня ў беларускіх ВНУ ў сьнежні вырасьце. Пра гэта 28 лістапада паведаміў міністар адукацыі Андрэй Іванец. Паводле яго, плянуецца «рост ад 3 да 17 працэнтаў у залежнасьці ад спэцыяльнасьці — кожная ВНУ будзе прымаць рашэньне самастойна».

Падаражэюць крэдыты

У сьнежні крыху павысяцца стаўкі па крэдытах камэрцыйных банкаў. Справа ў тым, што Нацбанк зацьвердзіў новыя значэньні разьліковых велічынь стандартнай рызыкі на сьнежань 2023 году.

Па новых крэдытах у нацыянальнай валюце, прадастаўленых фізычным асобам, разьліковая велічыня на сьнежань — 15,25% гадавых (у лістападзе паказчык складаў 14,61% гадавых). Прыблізна гэтак жа прапарцыйна могуць вырасьці стаўкі па крэдытах, у тым ліку і на жыльлё.

Зноў падаражэюць цыгарэты

З 1 сьнежня ў Беларусі адбудзецца новае падаражэньне цыгарэт. Цэны на некаторыя маркі вырастуць на 30 капеек. Падымуць цану амаль усе вытворцы і імпартэры, за выключэньнем Inter Tobacco.

Беларусам ня трэба будзе паведамляць пра рахункі ў замежных банках

Палата прадстаўнікоў прыняла законапраект «Аб зьмене законаў у пытаньнях падаткаабкладаньня» ў другім чытаньні. Згодна з дакумэнтам, павялічыцца стаўка падатку на прыбытак да 25% пры атрыманьні фізычнай або юрыдычнай асобай даходу звыш 25 млн рублёў на год. Таксама вызначана стаўка падаходнага падатку 25% стасоўна часткі даходаў фізычных асобаў звыш 200 тысяч рублёў за каляндарны год.

А вось пра рахункі ў замежных банках беларусаў паведамляць пакуль прымушаць ня будуць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG