Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 25 лістапада: на жыхарку Берасьця завялі справу за «фінансаваньне экстрэмізму»; менчука асудзілі за пратэсты 2020 году


Перасьлед беларусаў па палітычных матывах не спыняецца.

Жыхарку Берасьця затрымалі за «фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці»

Прэс-служба МУС Беларусі паведаміла пра затрыманьне 54-гадовай жыхаркі Берасьця па факце фінансаваньня «экстрэмісцкай дзейнасьці».

Паводле ведамства, жанчына з красавіка 2021 году па сьнежань 2022 году пераводзіла грошы грамадзянам, «зьвязаным з экстрэмісцкай дзейнасьцю». Сьцьвярджаецца, што за гэта яна «атрымлівала ўзнагароду» ад людзей зь іншай краіны.

На яе завялі крымінальную справу, ёй пагражае да 5 гадоў зьняволеньня, паведамілі ў МУС.

Затрымалі ўраджэнца Ўкраіны за апублікаваную ў інтэрнэце бел-чырвона-белую сымболіку

Сілавікі затрымалі ўраджэнца Ўкраіны зь беларускім грамадзянствам за апублікаваную ў інтэрнэце бел-чырвона-белую сымболіку. Відэа з мужчынам апублікаваў праўладны тэлеграм-канал, заўважыла «Медиазона».

Аўтары канала пішуць, што жыхара Ваўкавыска затрымалі за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў і «распальваньне варожасьці». На камэру ён кажа, што нагодай для затрыманьня стала апублікаваная ім у інтэрнэце бел-чырвона-белая сымболіка.

Артыкул, па якім абвінавачваюць мужчыну, не ўдакладняецца.

Футбольнага трэнэра ў Менску пакаралі «хатняй хіміяй» за ўдзел у акцыі пратэсту ў 2020 годзе

У судзе Фрунзэнскага раёну Менску 11 лістапада за ўдзел у пратэставым шэсьці ў лістападзе 2020 году асудзілі трэнэра по футболе БДУ Руслана Пратасеню, паведамляе «Вясна».

Крымінальную справу за «арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» паводле ч. 1 арт. 342 КК разглядала судзьдзя Ала Скуратовіч. Да суда Руслана ўтрымлівалі ў СІЗА № 1

Паводле матэрыялаў абвінавачаньня, Руслан Пратасеня ў лістападзе 2020 году ў нядзелю, разам зь іншымі на праспэкце Пераможцаў у Менску «выкрыкваў лёзунгі, на заклікі супрацоўнікаў міліцыі не рэагаваў, блякаваў і заступаў шлях транспарту, чым парушыў працу грамадзкага транспарту, што прычыніла шкоду ў суме 30 687,17 рублёў».

Аднак, суд выключыў з абвінавачаньня ўказаньне на тое, што Руслан публічна выкрыкваў лёзунгі, бо абвінавачаны ў судзе адмаўляў гэта, а сьледзтва не змагло даказаць.

Суд пастанавіў прызначыць Пратасеню пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін тры гады.

Рамана Пратасеню раней затрымлівалі на акцыі пратэсту 15 лістапада 2020 году і пакаралі адміністрацыйным арыштам на 14 дзён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG